Каб цяклі малочныя рэкі

(Справа налева) Віктар Мядзведзік абмяркоўвае ход работ па будаўніцтве новага комплексу з работнікамі Кобрынскага СБК зваршчыкам Алегам Мартысевічам, брыгадзірам брыгады мантажнікаў Уладзімірам Крыцкім, мантажнікам будаўнічых канструкцый Дзмітрыем Міціным. ФОТА: ДЗМІТРЫЙ БЯЛОЎ

Устойлівае развіцце сельская гаспадаркі забяспечваецца ў тым ліку і за кошт якаснага малака. Актыўную работу ў гэтым накірунку вядуць у ААТ “Стрыгава”. Нядаўна тут пачалося маштабнае будаўніцтва новага малочнатаварнага комплексу ў вёсцы Вострава.

– Сёння ў нас налічваецца 4227 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку – 1450 галоў дойнага статка, – расказвае дырэктар гаспадаркі Ігар Масько. – За мінулы год вытворчасць малака склала 8384 т (130% да ўзроўню 2018 года). Імкнемся прырастаць і якасна, і колькасна.

У апошні час росту перашкаджала высокая шчыльнасць буйной рагатай жывёлы ў адносінах да плошчаў існуючых фермаў. Дапамагчы ў вырашэнні гэтага пытання прызваны новы малочнатаварны комплекс на 777 галоў, які сіламі Кобрынскага СБК і Пружанскай ПМК-21 зараз будуецца ў вёсцы Вострава.

– Комплекс будзе ўзведзены на плошчы 7,5 га – зараз будуюцца 2 кароўнікі і малочны блок, – расказвае прараб ААТ “Стрыгава” Віктар Мядзведзік. – Таксама будуць пабудаваны сіласныя траншэі на 15 тыс. т сіласа, вагавая, сянажная башня, 2 скважыны для забеспячэння вадой і многае іншае.

У новым малочным блоку будзе ўстаноўлена даільная ўстаноўка “Паралель” для адначасовага даення 40 кароў, акрамя таго, на новым малочнатаварным комплексе будзе дзейнічаць скрэперная сістэма выдалення гною, якая будзе значна скарачаць працоўныя затраты. На момант нашага візіту мантажнікі Кобрынскага СБК якраз усталеўвалі жалезабетонныя калоны ўласнай вытворчасці – яны стануць асновай каркаса будынка кароўніка. Пройдзе зусім нямнога часу, і з новага комплексу пацякуць малочныя рэкі.

Дзмітрый БЯЛОЎ.