“Беларуская мова – мелодыя душы”

Пад такой назвай  прайшло  свята-конкурс беларускай паэзіі і песні, арганізаванае Залескім цэнтрам культуры і вольнага часу і  Залескай публічнай бібліятэкай 21 лютага. Свята праходзіла на чатырох пляцоўках: паэтычнай – “Роднаму слову – гучаць вечна!”, дзе ўдзельнікі спаборнічалі ў лепшым дэкламаванні вершаў беларускіх пісьменнікаў, песеннай – “Беларусь – мая песня!”, дзе канкурсанты прадставілі гледачам беларускія песні. Цікавасць у аднавяскоўцаў выклікала літаратурная экспазіцыя “Жывое ў вяках беларускае слова”, а таксама этнаграфічны куток “Беларуская хатка”.

Адкрылі свята госці: настаўнік беларускай мовы і літаратуры Залескай СШ Алена Валасюк – аўтар многіх беларускіх вершаў, Наталля Бура – вялікі аматар беларускай байкі. Мілагучна, прыгожа гучала  беларускае  слова  з вуснаў  дашкольнікаў, школьнікаў, пенсіянераў.

Усё роднае беларускае ўвасаблялася і ў адзенні, і ў выставах, і ў слове, і ў музыцы. Гэта надавала святу незвычайную адметнасць і прыгажосць. Выступленні канкурсантаў ацэньвалі самі гледачы і падліковая камісія-журы.

Усе ўдзельнікі былі адзначаны дыпломамі і памятнымі падарункамі. Словы ўдзячнасці спонсарам мерапрыемства: індывідуальным прадпрымальнікам Вользе Пераход і Людміле Стракатай.

Свята-конкурс даказала, што наш скарб – беларуская родная мова не знікне на залескай зямлі.

Аляксандр ГЛАДЗЬКО, загадчык Залескага ЦКВ;

Ірына ПАКАЛЮК, бібліятэкар Залескай публічнай бібліятэкі.