Так здарылася, што да галоўнага заатэхніка ААТ «Днепра-Бугскае» Таццяны Федчышынай мы завіталі ў дзень яе нараджэння. Зранку, атрымаўшы віншаванні і падарункі ад адміністрацыі і калег, Таццяна Юр’еўна знайшла час на гутарку з намі.
- На пасадзе галоўнага заатэхніка я з красавіка 2019 года, а ў гаспадарцы – з 2013-га. Ферма – гэта маё: мама працавала даяркай, бацька – скотнікам, дзяцінства прайшло тут, – расказвае Таццяна.
Мая субяседніца ў 18 гадоў выйшла замуж, адзін за адным нарадзілася трое дзяцей. Гэта не перашкодзіла ёй атрымаць прафесію эканаміста ў Столінскім дзяржаўным аграрна-эканамічным каледжы. Але ўсё роўна цягнула на ферму.
- З часам дырэктар гаспадаркі Уладзімір Саўчук запрасіў мяне на работу на пасаду загадчыка фермы, - працягвае Таццяна Юр’еўна. – Мне было цікава ўсё: жывёлы, працэс вытворчасці малака, работа з людзьмі. І ў першыя гады, і зараз вельмі радасна, калі праца дае свае вынікі, калі растуць паказчыкі. На дадзены момант малако ў нас ідзе вышэйшым гатункам.
Зараз у гаспадарцы 3380 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 980 – дойны статак. За кожную рагулю адказвае галоўны заатэхнік.
- Мой дзень пачынаецца а палове сёмай гадзіны раніцы. Я абыходжу фермы, кантралюю работу. На нарадзе вырашаюцца ўсе пытанні, - дзеліцца рабочымі буднямі Таццяна Федчышына.
Працаваць на пасадзе загадчыка фермы без спецыяльных ведаў – вельмі складана, таму яна завочна пайшла вучыцца ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, каб атрымаць спецыяльнасць заатэхніка. Разам з жонкай вучыцца і муж, які зараз працуе на пасадзе загадчыка фермы.
Па словах Таццяны Юр’еўны, самае важнае ў рабоце – наладзіць узаемаадносіны ў калектыве.
- Людзі бываюць розныя. Да кожнага патрэбна знайсці свой падыход. Калі сварыцца – лепш не стане, патрэбна давяраць і дапамагаць адзін аднаму.
У кожнай фразе жанчыны адчувалася пяшчота і любоў да абранай справы, а на твары з’яўлялася ўсмешка пры позірку на любімых рагуль.
Людміла ПАШКОВІЧ.
На здымку: Таццяна Федчышына на працоўным месцы.
Поделиться в соцсетях: