“Залатая шайба-2019”: хакеісты СШ №2 – лепшыя!

Хакей на Кобрыншчыне працягвае набіраць папулярнасць: у Лядовай арэне ўпершыню прайшоў турнір “Залатая шайба” сярод аматарскіх каманд навучальных устаноў Кобрыншчыны.

Гэтыя дзеці не займаюцца на пастаяннай аснове ў Кобрынскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе па зімовых відах спорту, яны проста любяць хакей і гуляюць у яго, як у дзяцінстве гулялі мы, – расказвае галоўны спецыяліст Кобрынскага райвыканкама Павел Адамовіч. – Розніца ў тым, што мы хадзілі з клюшкамі на возера ці на рэчку, а ў іх для гэтага ёсць выдатныя ўмовы ў Лядовай арэне.

У турніры прынялі ўдзел 5 каманд. Пасля ўпартай барацьбы 3-е месца занялі хакеісты СШ №6 г. Кобрына, а да фіналу дайшлі каманды СШ №2 і СШ №8 г. Кобрына. З першых хвілін матчу хакеісты СШ №2 узялі лёд пад свой кантроль і неўзабаве забілі адразу тры шайбы. “Размачыць” лік у хакеістаў СШ №8 атрымалася толькі праз трынаццаць хвілін, пасля чаго яны забілі яшчэ адну шайбу. Лік 3:2 адзначыўся мінімальным разрывам паміж камандамі, але пратрымаўся нядоўга – літаральна праз хвіліну СШ №2 кампенсавала розніцу, забіўшы шайбу па буліце, пасля чаго працягнула серыю атак і завяршыла перыяд з лікам 5:2. Захаваць узяты тэмп атрымалася і ў другім перыядзе, які прайшоў у дынамічнай атмасферы і завяршыўся ўпэўненай перамогай СШ №2 з лікам 9:5.

Спецыфікай гульні аматарскіх каманд стала вялікая колькасць штрафных кідкоў з абодвух бакоў, аднак трэба аддаць даніну павагі галкіперам – далёка не ўсе буліты атрымалася рэалізаваць. Выдатную падтрымку юным хакеістам аказалі балельшчыкі – іх настаўнікі, бацькі і сваякі. Ва ўрачыстай атмасферы Павел Адамовіч і дырэктар дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па зімовых відах спорту г. Кобрына Анатолій Трубчык уручылі пераможцам турніру кубкі, дыпломы і медалі.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота Дзмітрый БЯЛОЎ.

Павел Адамовіч (злева) і Анатолій Трубчык уручаюць Кубак і дыплом за 1-е месца ў турніры “Залатая шайба” капітану каманды СШ №2 Дзмітрыю Галашку;

моманты фінальнага матчу.