Дарогамі Перамогі

75-годдзе вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў – значная дата ў гісторыі, што напамінае нам пра вялікі гераізм нашага народа, які, нягледзячы ні на што, адстаяў сваю свабоду. У гонар гэтай даты і 110-годдзя з дня нараджэння славутага лётчыка Сяргея Грыцаўца 10 верасня ў Маскве стартаваў аўтапрабег “Масква – Мінск – Брэст”, які 21 верасня прыбыў на Кобрыншчыну.

У скверы імя В.П. Пуганава, які стаў першым прыпынкам на маршруце прабегу ў нашым горадзе, у гэты дзень было шматлюдна – павітаць удзельнікаў прыйшлі прадстаўнікі заканадаўчай і выканаўчай улады, Кобрынскай РА РГА “Белая Русь”, Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ, ваенных камісарыятаў, ветэраны і вучні школ горада.

– Сімвалічна, што старт аўтапрабегу быў дадзены на Паклоннай гары, у мемарыяльным комплексе, памяць ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны, лакальных войнаў і ваенных канфліктаў, – адзначыў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Васілій Дземідовіч. – Правядзенне такой акцыі – гэта знак глыбокай павагі да тых, хто стаў на абарону сваёй Айчыны, і чарговае пацвярджэнне сяброўства братэрскіх народаў Расіі і Беларусі.

Ва ўрачыстай атмасферы Васілій Дземідовіч і віцэ-прэзідэнт Агульнарасійскага патрыятычнага саюза грамадскіх аб’яднанняў “Поле воінскай славы – памяць пакаленняў” палкоўнік у адстаўцы Мікалай Собалеў усклалі вянок да помніка савецкім воінам у скверы Пуганава. Як падкрэсліў Мікалай Собалеў, у гады вайны Беларусь прыняла на сябе першы моцны ўдар. Удзельнікі прабегу ставяць сваёй мэтай наведаць усе месцы, дзе праходзіла наступальная аперацыя “Баграціён”, сустрэцца з моладдзю.

Другая частка мерапрыемстваў прайшла ў Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэцы, дзе падчас круглага стала была прэзентавана кніга пісьменніка-гісторыка Сяргея Палонскага “Восем вялікіх бітваў 1941-1945”.

– Наша зямля перажыла шмат войнаў, аднак да гітлераўцаў ніхто і ніколі не ставіў сваёй мэтай цалкам знішчыць славян як нацыю, – адзначыў Сяргей Іванавіч. –  У мяне ёсць трагічнае адчуванне пагаршэння гістарычнай памяці – мы пачынаем забываць увесь жах Вялікай Айчыннай вайны. І мне вельмі прыемна бачыць тут хлопцаў і дзяўчын у ваеннай форме, прыемна, што ва ўсіх гарадах нас сустракае сваімі сцягамі грамадскае аб’яднанне “Белая Русь”. У руках моладзі – будучыня, і яна ў першую чаргу павінна ведаць гісторыю, помніць сваіх герояў.

Сяргей Палонскі расказаў прысутным аб стварэнні кнігі, якая раскрывае перад чытачамі галоўныя бітвы Вялікай Айчыннай вайны, і перадаў яе экзэмпляры ў дар дырэктару Кобрынскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Ларысе Легацюк і старшыні Кобрынскай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў” Уладзіміру Кузічу. У сваю чаргу ад усіх кабрынчан Васілій Дземідовіч прэзентаваў пісьменніку выданні аб Кобрыншчыне, у тым ліку кнігу “Памяць. Кобрынскі раён”. Выдатным сюрпрызам для ўдзельнікаў мерапрыемства стала выступленне паэта, музыканта, ветэрана вайны ў Афганістане і чачэнскіх кампаній, палкоўніка запаса Валерыя Матвеева, які выканаў патрыятычныя песні ўласнага сачынення.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Здымкі аўтара.