Дзень работнікаў лёгкай прамысловасці 

Сімвал бездакорнай якасці 

– Як настрой, – вітаю я маладых швачак, што спяшаюцца на змену ў ЗТАА “Лангхайнрых Канфекцыён Бел”. 

–  Хіба ж не адчуваеце? – спыняюцца тыя, перакідваючыся ўсмешлівымі позіркамі, і  перш чым скрыцца за дзвярыма прадпрыемства дадаюць: – Такі – як навокал. 

Значыць усё выдатна, заўважаю сабе я, натхняючыся прыгажосцю, што пануе на тэрыторыі,  і крочу следам за работнікамі. 

– Сваё прафесіянальнае свята наш калектыў, а ён налічвае зараз 102 чалавекі, сапраўды, мае права сустракаць у добрым настроі і з гонарам, – заўважае галоўны інжынер Людміла Карпеш, якая сама не першы год самааддана працуе на карысць роднага прадпрыемства.- Заказаў шмат, а гэта добра. 
За 14 гадоў свайго існавання “Лангхайнрых Канфекцыён Бел” набыло сабе рэпутацыю, якая цалкам адпавядае дэвізу яго работнікаў: “Выдатны тавар па выдатнай цане”. Брэнд “Лангхайнрых” – сімвал  бездакорнай якасці. І пра гэта добра ведаюць як беларусы, – у мінулым годзе прадпрыемства на III Міжнародным форуме-выставе дзелавых кантактаў «Брэст-2018» стала пераможцам конкурсу на саісканне прэміі Брэсцкага аблвыканкама за дасягненні ў галіне якасці, а ў гэтым годзе лаўрэатам конкурсу “Лепшыя тавары Рэспублікі Беларусь” у намінацыі “Прамысловыя тавары для насельніцтва і вырабы народных промыслаў”- так і замежныя партнёры – каля 95% вырабаў экспартуецца ў іншыя краіны. Уносячы значны ўклад у эканоміку рэгіёна, прадпрыемства разам з тым вырашае праблему занятасці ў сельскай мясцовасці – сюды прыязджаюць на работу людзі з суседніх населеных пунктаў – Дзівіна, Арэхаўскага, Павіцця, Осы. 

– Што значыць трымаць высокую марку? – цікаўлюся я ў Людмілы Цімафееўны.   

Яна без лішніх слоў праводзіць мяне па швейных участках, дзе толькі што да работы прыступіла другая змена, але працэс ужо кіпіць: выконваюцца вялікія заказы па пашыве сталовай бялізны ў Германію, ёсць прапановы  ад беларускіх калег. На складах нічога не затрымліваецца. 

Перад маімі вачамі мільгаюць белыя і жоўтыя палотны, пад спрытнымі рукамі швачак стракочуць машыны, блішчаць нажніцы, хуткімі тэмпамі пакуецца гатовая прадукцыя…  

– А гэта не зусім звычайны станок, – спыняе мяне Людміла Цімафееўна каля адной з машын, якая з выгляду нічым не выдзяляецца ад іншых.  

Васьмігалоўчатая вышывальная машына нямецкай вытворчасці пад пільным наглядам сваёй гаспадыні здольна на цуды: вышывае гладдзю і крыжыкам. Гэта дзякуючы яе магчымасцям мы можам наталяцца васількамі, званочкамі, ландышамі, што аздабляюць сурвэткі, бялізну і іншую прадукцыю прадпрыемства. 

– У хуткім часе плануецца паступовая мадэрнізацыя на швейных участках, – дадае галоўны інжынер. –Але, безумоўна, ніякая машына і камп’ютар не заменяць нашых дзяўчат, адказных і сумленных працаўніц, якія ўкладваюць у работу ўсю сваю душу, цяпло і майстэрства, гэта іх намаганнямі тканіны ажываюць.  

Адміністрацыя, майстры змены, швачкі, раскройшчыцы, упакоўшчыцы… Прафесіяналы з вялікім вопыт і тыя, хто зусім нядаўна пераступіў парог прадпрыемства – усе яны разумець, што агульны поспех і ўласны дабрабыт залежыць ад плённай працы кожнага з іх. А бездакорны дырэктар Валянціна Пашкевіч заўсёды побач, яна вырашыць любыя пытанні, працягне руку дапамогі ў складаныя хвіліны, зробіць усё, каб яе супрацоўнікі  з добрым настроем ішлі на работу і з такім жа настроем вярталіся ў свой дом. 

Алена БАКУН. 

НА ЗДЫМКУ АЎТАРА: (злева направа) раскройшчыцы Лілія Шыдловіч, Святлана Баранчук,Валянціна Баранчук, Святлана Куцэвіч з прадукцыяй прадпрыемства.