Рэха падзеі: Красуе Кобрын, вечна малады!

Кобрын адзначыў свой чарговы дзень нараджэння – яму споўнілася 724 гады. Надвор’е не падвяло, і многія жыхары і госці горада з радасцю і выдатным настроем прынялі ўдзел у святкаванні.


Раніцай арганізаванай калонай прадстаўнікі ўлады, грамадскасці, працоўных калектываў, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, моладзь накіраваліся ў свяшчэннае месца для кожнага жыхара Кобрыншчыны  – сквер імя А.І. Марозава. Тут па традыцыі хвілінай маўчання і ўскладаннем кветак і вянкоў  ушаноўвалася памяць тых, хто загінуў, вызваляючы горад, а таксама воінскіх фарміраванняў, якія асабліва адзначыліся пры вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і атрымалі ганаровую назву “кобрынскіх”. Імёнамі герояў названы многія вуліцы і скверы. Усяго не вярнуліся з франтоў 1315 нашых землякоў. Былі расстраляны, закатаваны ці спалены зажыва каля 13 тысяч мірных жыхароў. І гэта памяць жыве і будзе жыць у сэрцах удзячных нашчадкаў, якія захавалі і прымножылі тое, што такой дарагой цаной здабывалі старэйшыя пакаленні.

Затым удзельнікі святочнага шэсця накіраваліся ў парк імя А.В. Суворава. Аднайменная вуліца ператварылася ў адзін вялікі кірмаш, дзе былі шырока прадстаўлены лепшая прадукцыя арганізацый, прадпрыемстваў і ўстаноў горада, а таксама вырабы народных майстроў. Найбольшая колькасць пакупнікоў назіралася ў гандлёвых павільёнах СТАА “ВП Палессе”, ААТ “Кобрынскі мясакамбінат”, ААТ “Кобрынскі масларобча-сыраробчы завод” і інш.

Роўна ў поўдзень у амфітэатры парку імя А.В. Суворава адбылося ўрачыстае адкрыццё свята з нагоды Дня горада. Спявачка Вольга Камінская выканала гімн Кобрына. Са словамі сардэчных віншаванняў да прысутных звярнуўся старшыня райвыканкама Мікалай Кенда, які адзначыў, што  дзень вызвалення Кобрына ад ворага яднае ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны з усімі іншымі пакаленнямі кабрынчан агульным болем і адначасова гонарам. Розныя часы перажываў горад, але ён заўсёды адраджаўся. Сваімі працоўнымі поспехамі нашы землякі мацавалі мір і дабрабыт на гэтай старажытнай зямлі. На сучасным этапе горад таксама развіваецца. Тут створаны ўсе ўмовы для камфортнага жыцця, вучобы, працы і адпачынку. І аб гэтым перш за ўсё сведчыць высокая нараджальнасць. У савецкія часы ў Кобрыне нараджалася больш за 1000 немаўлят у год. Столькі ж было зафіксавана і летась.

Наш раён мае значны эканамічны патэнцыял. З цягам часу абнаўляецца імідж горада, мадэрнізуюцца вытворчасць і сацыяльная сфера, эфектыўна рухаецца наперад бізнес. Сёлета суб’ектамі прадпрымальніцтва створана 766 новых рабочых месцаў. У нашым раёне існуе спрыяльная атмасфера для прыцягнення капіталу. За першае паўгоддзе 2011 года тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал склаў 124 працэнты. Для інвесціравання прапануецца каля 30 рознапланавых праектаў. Нашы прадпрыемствы супрацоўнічаюць з 28 рэгіёнамі свету.

Зладжана працуюць аграрнікі Кобрыншчыны. На сяле актыўна ўкараняюцца новыя тэхналогіі, будуецца адпаведная інфраструктура. У горадзе належная ўвага надаецца вырашэнню жыллёвых праблем кабрынчан, для якіх створана шэсць жыллёва-будаўнічых кааператываў, у якія ўвайшлі больш за 320 сем’яў. Мікалай Аляксеевіч ад усяго сэрца павіншаваў жыхароў Кобрыншчыны з Днём горада, падзякаваў ім за плённую працу, імкненне зрабіць свой край па-сапраўднаму квітнеючым.  Таксама далучыўся да віншаванняў у адрас гараджан дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Зазуля.

На свята ў Кобрын завіталі прадстаўнікі з суседніх краін. Горад-пабрацім Ліўны (Расія) прадстаўляў разам са сваімі калегамі намеснік кіраўніка адміністрацыі па сацыяльных пытаннях Віталь Серада. Таксама прысутнічалі прадстаўнікі Украіны – з г. Канева пад кіраўніцтвам першага намесніка кіраўніка гарадской адміністрацыі Юрыя Куляшова і г. Ківерцы на чале з першым намеснікам старшыні раённай дзяржаўнай адміністрацыі Мікалаем Вашкевічам. Гасцям ва ўрачыстай абстаноўцы ў знак пашаны былі ўручаны караваі. Расіяне і ўкраінцы ў сваю чаргу віншавалі Кобрын і яго жыхароў са святам, выказвалі свае добрыя ўражанні ад усіх пазітыўных, якія адбыліся ў нас за апошнія тры гады.

Пад гучныя апладысменты прысутных Мікалай Кенда ўручыў Граматы і памятныя падарункі кабрынчанам, якія перамаглі ў раённым спаборніцтве “Працай славім Кобрын” і ўнеслі свой уклад у развіццё Кобрыншчыны. Гэта намеснік дырэктара ААТ “Кобрынаграмаш” Галіна Кузміцкая, аператар машыннага даення СВК “Узыходзячая зара” Кацярына Леванюк, урач-неўролаг Кобрынскай ЦРБ Людміла Іванчанка, начальнік аховы ПАВЧ №1 Кобрынскага РАНС Сяргей Майсюк, дырэктар ЗТАА “Лангхайнрых Канфекцыён Бел” Валянціна Шугай, сям’я Якімашка, дзе гадуецца 12 дзяцей, і вучань 10 класа гімназіі г. Кобрына Сяргей Грабянчук.

Таксама Граматамі райвыканкама і падарункамі былі адзначаны пераможцы раённага конкурсу “На лепшае санітарнае ўтрыманне і добраўпарадкаванне горада”. У намінацыі “Пад’езд узорнага парадку” узнагароджана жыхарка дома №105 па вул. Дзяржынскага Таццяна Канавалава; за лепшы двор узнагароды ўдастоілася старшыня дамкама дома №104 па вул. Настасіча Дар’я Любіч; за лепшае добраўпарадкаванне прыватнага падвор’я адзначаны Сяргей Назарук, жыхар дома №19 па вул. Паляўнічай.

Свае падарункі прысутным падрыхатавалі лепшыя самадзейныя артысты Кобрыншчыны. Паводле інфармацыі начальніка аддзела культуры Надзеі Жук, на сёлетнім свяце горада на розных сцэнічных пляцоўках прынялі ўдзел больш за 400 творцаў, якія сваімі танцамі і спевамі стварылі людзям выдатны настрой. Культурная праграма была пабудавана такім чынам, каб задаволіць усе патрэбы як маленькіх дзяцей, так і людзей сталага ўзросту.

Увечары Кобрын з феерычнай шоу-праграмай наведала заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Ірына Дарафеева. А пасля распачаўся гала-канцэрт “Ты сам, мой горад, песня пра сябе!” Апоўначы першы дзень свята Кобрына завяршыўся грандыёзным феерверкам, які асвяціў усё неба ў цэнтры горада.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

***

І другі дзень свята парадаваў прыемным і сонечным надвор’ем. Горад, які ўсю ноч крыху зморана драмаў пасля святочнага феерверка, паступова прачынаўся, ажываў, зноў напаўняўся меладычнымі гукамі і прыгожымі фарбамі.

І зноў кожны кабрынчанін і госць горада мог знайсці сабе занятак па душы. Гасцінна расчыніў свае дзверы Палац культуры, дзе вёў сваё ранішняе пасяджэнне народны аматарскі клуб “Рарытэт”, хвалявалі сваімі паэтычнымі выступленнямі сябры літаратурнага аб’яднання “Белы бусел”, якія шмат узнёслых радкоў прысвяцілі ў гэты дзень родным мясцінам, дзіўнаму яднанню прыроды і людзей Кобрыншчыны, яе хараству і гісторыі. Акрамя лірыкаў, аддалі гонар гораду і спартсмены, арганізаваўшы святочны шахматны-шашачны турнір у межах клуба “Кобрын-700”. А потым тут загучала музыка “Для тых, хто не лічыць гады” – менавіта так называлася танцавальная вечарына для людзей самых розных узростаў.

У засяроджанасці і цішы ў сценах музея імя А.В. Суворава яго наведвальнікі маглі пазнаёміцца як са сталымі экспазіцыямі, так і з новымі выстаўкамі – “Зброя Перамогі”, “Хрысціянскія святы ў мастацтве”, “Метраном памяці”.

Але найбольш шматлюдна, як заўсёды, было ў гарадскім парку. Дзяцей і дарослых радавалі традыцыйныя і новыя атракцыёны: асабліва людзі весяліліся, назіраючы за ахвотнікамі паспытаць сябе “У шары па вадзе”, запрашалі разнастайныя выстаўкі – кніжная “Горад, у якім мы жывем”, птушак і хатніх жывёл, кветак, а таксама прадукцыі страусінай фермы. І, вядома, нельга было прайсці абыякава міма Горада майстроў, у якім можна было набыць не толькі арыгінальныя і непаўторныя самыя разнастайныя вырабы з саломкі, гліны, дрэва ды іншых матэрыялаў, але і ўбачыць, як у вас на вачах ва ўмелых руках нараджаюцца хараство і прыгажосць.

Таксама на вачах шматлікай публікі пад хуткімі рухамі алоўкаў мастакоў-партрэтыстаў нараджаліся недалёка ад фантана партрэты тых, хто пажадаў у гэты дзень зрабіць сабе прыемны сюрпрыз – спыніць у сваім вобразе імгненне. І ўжо цэлы россып маляўнічых, прыемных і музычных імгненняў падарылі ўсім творчыя калектывы горада і раёна, чые выступленні былі галоўнай аздобай праграмы “Сёння свята для ўсіх!”

– Сапраўды, такое ўражанне, што свята – для кожнага кабрынчаніна, для кожнага, хто знаходзіцца ў гэтыя дні ў нашым горадзе, – не хавала сваіх уражанняў сталая жыхарка горада Ніна Архіпава. – Думаю, выкажу не толькі сваё меркаванне: усё арганізавана проста цудоўным чынам! Усюды музыка, гульні, канцэрты. А паглядзіце, як чыста навакол, як культурна паводзяць сябе людзі! Заўсёды адчуваю вялікі гонар за наш Кобрын, які ўпэўнена становіцца сапраўдным еўрапейскім горадам.

Што ж, прыемна, калі ў горад прыходзіць свята. Але і яно рана ці позна заканчваецца. І тады надыходзіць час паказаць, што працаваць мы ўмеем гэтак жа аддана і шчыра, як і святкаваць-весяліцца на вуліцах і плошчах горада.

Ігар ФЕДАРОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *