Лагерь со своими традициями

Тры гады запар на базе ДУА “Кіселявецкі дзіцячы сад-сярэдняя школа” пры падтрымцы ААТ “Кісялёўцы” і ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Кобрынскага райвыканкама дзейнічае лагер працы і адпачынку (палатачны лагер з кругласутачным знаходжаннем). Як паведаміла дырэктар школы Ірына Зінкевіч, летняе аздараўленне ў такім фармаце карыстаецца попытам.
Сёлета, замест запланаваных 30 выхаванцаў, тут адпачывалі 36 – дзеці з мясцовай школы, Балоцкай базавай і Залескай сярэдняй школ, а таксама сярэдняй школы № 3 горада Кобрына. Пры наборы перавага аддавалася дзецям са шматдзетных, апякунскіх і няпоўных  сем’яў.
Летнік дзейнічаў з 13 па 21 чэрвеня пад назвай “Гарачыя сэрцы”.  Нязменным застаўся склад кіраўніцтва лагера – яго начальнікам па-ранейшаму была Святлана Гардзіюк, а старшым выхавальнікам – Вольга Грыневіч. Не змянілася і стаўленне педагогаў да арганізацыі адпачынку дзяцей: выхаваўчая работа планавалася, зыходзячы  з іх інтарэсаў і тых значных падзей, якія адбываліся ў краіне. Культурна-масавым мерапрыемствам папярэднічала працоўная дзейнасць, якую выхаванцы ажыццяўлялі на розных аб’ектах. 6 чалавек былі задзейнічаны ў відавой праполцы насенных участкаў збожжавых культур у мясцовай гаспадарцы, астатнія былі заняты на добраўпарадкаванні.
Галоўнай місіяй арганізатары лагера бачылі стварэнне калектыву, раскрыццё асобы кожнага выхаванца. Згадзіцеся, за 9 дзён згуртаваць дзяцей  – работа нялёгкая. Аднак педагогам школы штогод удаецца дабівацца добрых вынікаў. У 2013 годзе летнік Кіселявецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы “Летнія пчолкі” на рэспубліканскім узроўні быў адзначаны дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі “Лепшы лагер працы і адпачынку”. У 2014 годзе – летнік “Мурашнік” быў прызнаны пераможцам у вобласці і адным з лепшых у рэспубліцы.
Як зараджаліся традыцыі лагера, добра ведае вучань Кіселявецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Міхаіл Калбянёў. Хлопец не прапусціў ніводнай лагернай змены. За тры гады ў летніку ён знайшоў шмат сяброў. “Як можна пасябраваць за такі кароткі тэрмін?” – цікаўлюся ў шаснаццацігадовага юнака. У адказ – мноства доказаў. Тэматычныя дні з шэрагам мерапрыемстваў, якія  старанна рыхтаваліся, вячэрнія “агеньчыкі” з песнямі пад гітару, задушэўныя размовы.
Выхаванцы лагера наперабой расказвалі, што ім асабліва запомнілася. Аматары спорту з захапленнем дзяліліся ўражаннямі ад сяброўскіх сустрэч па валейболе і футболе з выхаванцамі Хідрынскага працоўнага лагера, ад паездкі на футбольны матч у Кобрын. Шмат эмоцый атрымалі дзеці ад канцэрта, з якім выступалі перад жыхарамі вёскі Рыбна і аграгарадка Кісялёўцы. Запомнілася і экскурсія ў спаленую вёску Арол, вёскі Палагін і Рыбна.   Запамінальнай была сустрэча з паэтамі Кобрыншчыны – Ігарам Сідаруком і Людмілай Ярмалюк. Эмоцыі значна ўзмацніліся, калі ва ўрачыстай атмасферы дзеці атрымалі працоўныя кніжкі. Іх твары выпраменьвалі такое святло, якое можа дарыць толькі стваральная праца.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *