Праздничный утренник прошел в Кобринском Дворце культуры

Салодкі стол з разнастайнымі прысмакамі, радасны смех ды вясёлае падарожжа, напоўненае прыгодамі і нечаканасцямі… Згадзіцеся, выдатны спосаб адзначыць якую-небудзь урачыстую дату. Асабліва калі дата гэтая – заканчэнне пачатковай школы, а ты сам знаходзішся ў тым цудоўным узросце, калі яшчэ верыш у казку, а нечаканасці ўспрымаеш толькі як прыемныя сюрпрызы. Гэта – святочныя ранішнікі Кобрынскага Палаца культуры, серыя якіх праходзіць тут напярэдадні Дня абароны дзяцей і ў канцы чарговага навучальнага года.
У гэты раз усё распачалося, зразумела, са святочнага пачастунку, які вельмі хутка перайшоў у яркую і цікавую імпрэзу, падрыхтаваную для маленькіх гасцей артыстамі Палаца культуры. Нечакана ў танцавальную залу ўварваліся… самыя сапраўдныя піраты – якія, аднак, на самай справе аказаліся зусім не страшнымі. Цэлы арсенал цікавых гульняў і конкурсаў, якія прынеслі з сабою казачныя госці, вельмі хутка цалкам і поўнасцю захапіў віноўнікаў урачыстасці.
Падзеленых на дзве каманды маленькіх выпускнікоў чакалі шматлікія эстафеты, конкурсы, плаванні вакол бязлюдных астравоў, лабірынты і шмат іншага. Вялікі энтузіязм выклікаў бой сімвалічнымі мяккімі ядрамі, якія з імпэтам  маленькіх гарэз ляталі па зале, нібыта сапраўдныя кулі. Ну і якая ж казка без пошукаў пірацкага скарба і без падарункаў на памяць?
Дарэчы, цікавыя конкурсы і выпрабаванні ў гэты дзень чакалі не толькі дзяцей, але і іх бацькоў, якім таксама не давялося сумаваць у час мерапрыемства. Сапраўдным сюрпрызам стаў своеасаблівы танцавальны клас для ўсіх узростаў,  у якім з задавальненнем прынялі ўдзел як дзеці, так і іх бацькі. Вялікае захапленне выклікала і сямейнае перацягванне каната, у час якога нават цяжка было зразумець, каму яно больш спадабалася. Адным словам, уся праграма праляцела, што называецца, на адным дыханні і прынесла ўдзельнікам масу прыемных хвілін. Ну а ўсім маленькім грамадзянам напярэдадні Дня абароны дзяцей хочацца пажадаць, каб нягоды здараліся толькі ў казках, а радасці, як у гэты дзень з нашымі героямі, з імі заўсёды дзялілі чулыя і ўважлівыя бацькі. Таму што менавіта так і павінна быць у шчаслівым узросце дзяцінства – калі ўвесь свет здаецца добрым і цікавым, а вецер казачных прыгод маніць не менш за новыя веды.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *