Сб, 15 марта 2025
Прогноз погоды

Вялікі мотакрос – зноў на Кобрыншчыне!

25/10/2017 Молодёжь

Вы калі-небудзь чулі, як за лічаныя секунды да старту на самай мяжы сваіх магчымасцяў працуе дзясятак магутных фарсіраваных рухавікоў? У такія моманты здаецца, што разам з узмахам стартавага флага з-пад калёс з палёгкай вырываецца на волю не толькі зямля і моц, да пары стрыманыя матацыклістамі, але і ўсё дрэннае і непрыемнае, што ёсць у жыцці, і застаецца толькі траса ды чысты, канцэнтраваны адрэналін. Гэта – адкрытыя рэспубліканскія спаборніцтвы па мотакросе “Залатая восень-2017”, арганізаваныя Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ, якія пасля шматгадовага перапынку зноў прайшлі на Кобрыншчыне.

- Сёння ў нас праводзіцца цудоўнае мерапрыемства, і асабліва хацелася б адзначыць той факт, што сёння гэтым дынамічным відам спорту ў нас актыўна займаюцца і дзеці, і моладзь, і дарослыя, - падкрэсліў старшыня райвыканкама Іван Даўжук. – А ўсім спартсменам хочацца пажадаць усяго найлепшага на сённяшняй трасе, і няхай пераможа мацнейшы.Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 48 спартсменаў з усёй Беларусі. Пад апладысменты прысутных ганаровага права падняць сцяг Рэспублікі Беларусь былі ўдастоены юная “зорачка” мотакросу - уладальнік Кубка Рэспублікі Беларусь 2017 года, прысвечанага 90-годдзю ўтварэння ДТСААФ, Аляксандр Фрыдлендэр і кандыдат у майстры спорту Уладзімір Рэват. Пасля гэтага слова ўзяў клірык Петрапаўлаўскай царквы іерэй Сяргей Кіслюк, які прачытаў малітву, акрапіў спартсменаў перад стартам святой вадой і пажадаў усім удзельнікам спаборніцтваў не забываць аб тым, што нават да сваіх сапернікаў трэба ставіцца з любоўю, і не рабіць у адносінах да іх таго, чаго не хацеў бы паспытаць на сабе.

- Хацелася б выказаць словы ўдзячнасці ўсім, дзякуючы каму мы атрымалі магчымасць правесці гэтыя спаборніцтвы, - адзначыў старшыня Кобрынска-Маларыцкай МРАС ДТСААФ Аляксандр Аксюціч. – У сувязі з гэтым хацелася б адрасаваць самыя шчырыя словы старшыні райвыканкама Аляксандру Зазулі і яго намесніку Валянціну Трубчыку, СТАА “ВП Палессе”, Кобрынскаму ДРБУ-201, КУШВП ЖКГ “Кобрынскае ЖКГ”, Кобрынскаму ЗУЭС, чыгуначнай станцыі “Кобрын”, ТАА “Лазюк-аўта”, Кобрынскай ЦРБ, Кобрынскаму РАУС, клубу аматараў пазадарожнікаў “Вітара-Кобрын”, райкаму БРСМ, Кобрынскаму РАНС, магазіну аўтазапчастак “Мотабар” з г. Баранавічы, ТАА “Аўтацэнтр-Кобрын”, а таксама фірме “ШТМ+” з Мінска. Вялікую дапамогу аказаў спартыўна-тэхнічны клуб “Віраж”, члены якога на працягу ўсяго перыяду аказвалі дапамогу ў падрыхтоўцы трасы і арганізацыі спаборніцтваў.Колькасць арганізацый і прадпрыемстваў, якія прынялі ўдзел у падрыхтоўцы і правядзенні спаборніцтваў, лепш за ўсё гавораць аб маштабе мерапрыемства. Аднак ніякія словы не могуць перадаць атмасферу сапраўднага драйву, якая ў гэты дзень панавала на трасе. Распачаў гонку клас 50 см3. Менавіта ў ім выступаў самы маленькі ўдзельнік спаборніцтваў - 6-гадовы Алег Дзядулька, малодшы прадстаўнік спартыўнай дынастыі мотакрасменаў з Баранавічаў. Яго бацька, Андрэй Алегавіч, выступаў у класе “Open-B», а дзед, Алег Дзядулька, з’яўляецца шасціраховым чэмпіёнам Беларусі і ўваходзіў у нацынальную зборную. Аднак ініцыятыву ў класе 50смз з самага старту ўпэўнена захапіў наш земляк - васьмігадовы кабрынчанін Аляксандр Фрыдлендэр, які заваяваў сімпатыю ўсіх балельшчыкаў і атрымаў ў выніку бясспрэчнае “золата”. Самых маленькіх змянілі класы 60 і 85 кубічных сантыметраў – у гэтым заездзе прымала ўдзел і адна з дзвюх прадстаўніц прыгожага полу - Дар’я Краеўская з Оршы, другая дзяўчына, мінчанка Анастасія Лінёва, выступала ў класе пачынаючых. Знайшлі мы і самага сталага ўдзельніка – ім аказаўся Міхаіл Васілец, які сёлета адзначыў сваю 61-ю гадавіну і заняў трэцяе месца ў класе “Ветэран”. Што ж датычыцца пераможцаў, то ў класе 65 см3 лепшым стаў Марк Русецкі з Гродна, у класе 85 см3 – Кірыл Кадоркін з Мінска, у класе 125 см3 – Даніэль Валовіч з Гродна, у класе “Пачынаючыя” – Павел Патрубач з Івацэвічаў, у класе “Нацыянал” – Дзмітрый Сваськоў з Мінска, у класе “Open” – Арцём Кунцэвіч з Баранавічаў, у класе “Open-B» - Аляксандр Сцепанчук з Мінска, а ў класе “Ветэраны” – Віталій Каросцік з Маладзечна.

Многія спартсмены адзначалі высокі ўзровень падрыхтоўкі кобрынскай трасы, якая падарыла шмат вострых момантаў як самім гоншчыкам, так і гледачам. Застаецца толькі спадзявацца, што мінулыя спаборніцтвы адновяць добрую традыцыю і зробяць наш рэгіён сапраўднай сталіцай гэтага бескампраміснага і такога прыгожага віду спорту.Дзмітрый БЯЛОЎ.НА ЗДЫМКАХ аўтара: Аляксандр Аксюціч уручае дыплом і Кубак за 1-е месца Аляксандру Фрыдлендэру; моманты спаборніцтваў .

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу