«Цяжкае сквазное кулявое раненне, пашкоджанне каленнага сустава…» Гэта – запіс з чырвонаармейскай кніжкі майго бацькі - радавога Сяргея Пехацюка, простага сялянскага хлопца. Аднаго з многіх, чый лёс у свой час раз і назаўсёды змяніла Вялікая Айчынная вайна.Да жыццёвых цяжкасцей ён пачаў прызвычайвацца з самага дзяцінства, калі ў пяцігадовым узросце застаўся без маці. Але сумаваць не было калі – гаспадарка, каровы, штодзённая праца на зямлі. Паміж працай скончыў 5 класаў польскай школы, а 5 кастрычніка 1940 года з Антопальскага ваенкамата быў прызваны ў армію, у горна-кавалерыйскі полк у Барнауле.А меней чым праз год пачалася вайна. З гэтага часу нязменнай спадарожніцай Сяргея Пехацюка стала армейская рацыя, якая важыла каля 16-ці кілаграмаў. Як расказваў сам Сяргей Аляксандравіч, здымаць яе даводзілася вельмі рэдка: са сваімі нязменнымі пазыўнымі «Лапаць, Лапаць, я – Сапог» Сяргей Пехацюк пабачыў шмат страшных рэчаў на цяжкіх дарогах вайны.Самога яго, прынамсі, кулі доўгі час нібыта абыходзілі бокам. Да сакавіка 1945-га, калі да Перамогі заставалася зусім нядоўга. У той дзень ён са сваёй рацыяй пераходзіў мост – вайна ўжо кацілася па Польшчы, калі яго напаткаў трапны стрэл нямецкага снайпера. Куля прабіла калена – Сяргей Пехацюк упаў у ваду. Жаданне жыць перасіліла боль: прыкладаючы апошнія сілы, ён даплыў да берага і ўхапіўся за галіны вярбы.Знайшлі яго толькі ўвечары, калі пашкоджаная рацыя доўга не адказвала на пазыўныя. Параненага і аслабленага, бацьку аднеслі ў палкавы шпіталь. На наступны дзень салдаты злавілі таго самага снайпера, прывялі да Сяргея. На адным з пальцаў снайпера была пячатка. «Давай адрэжам разам з пальцам – будзе памяць», - прапанаваў нехта з салдат. «Не трэба мне такая памяць, - нахмурыўся бацька. – А забыць яго і так не змагу ўсё маё жыццё…»А далей пайшла чарга ваенных шпіталёў – Польшча, Беларусь, Масква… Было прапанавана рабіць ампутацыю нагі – раненне аказалася складаным, існавала рызыка заражэння крыві. «Лепш няхай памру, чым жыць без нагі», - вырашыў тады Сяргей. Ён праляжаў у эвакашпіталі да 27 лютага 1946 года, але дадому вярнуўся з нагою, якая, праўда, не згіналася і была карацейшай за другую. Забыць таго снайпера яму так і не давялося – на параненай назе ўвесь час адкрываліся трафічныя язвы, не даваў спакою боль. Але пакуты бацька пераносіў мужна – плакацца ён не прывык. Ад вайны засталіся ўзнагароды – ордэн Чырвонай Зоркі і медаль «За перамогу над Германіяй», потым да іх дабавіліся юбілейныя медалі.Не стала майго бацькі ў 1987 годзе… Ён ніколі не насіў высокіх воінскіх званняў, але, як і многія іншыя простыя салдаты той страшнай вайны, меў у грудзях вялікае і чыстае сэрца, напоўненае любоўю да сваёй Радзімы. Як і многія іншыя, ён усё жыццё нёс у душы і ў целе памяць аб вайне, якая не павінна паўтарыцца ніколі. На жаль, гэты Дзень Перамогі мы будзем сустракаць без яго…Галіна ПЕХАЦЮК,в. Камень.
Поделиться в соцсетях: