На мінулым тыдні па ініцыятые ўрача-валеолага Кобрынскай ЦРБ Васіля Паўзуна на базе САШ №4 адбылася выязная прапагандысцкая акцыя, якая прысвячалася Сусветным дням некурэння і прафілактыкі анкалагічных захворванняў. Увазе школьнікаў свае выступленні прапанавалі прадстаўнікі медыцыны Кобрыншчыны. Урач-нарколаг Аліна Чуль, урач-педыятр Вікторыя Дубнюк, дэрматавенеролаг Эдуард Сірацюк і намеснік загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення стаматалагічнай паліклінікі Наталля Мельнікава расказалі аб небяспецы, якую тоіць у сабе курэнне. Часта яно прыносіць сур’ёзныя ўскладненні – абстынентны сіндром курыльшчыка, адмоўны ўплыў ужывання тытуню на цячэнне ўсіх саматычных захворванняў, у тым ліку і сухотаў, на рэпрадуктыўнае здароўе юнакоў і дзяўчат. Дакладчыкамі была закранута і тэма анкалагічных захворванняў як выніку асацыяльных паводзін у грамадстве. Таксама засяроджвалася ўвага прысутных на актуальнасці і важнасці так званай “прышчэпачнай” кампаніі супраць грыпу і іншых вострых рэспіраторна-вірусных інфекцый. Напрыканцы госці адказалі на шматлікія пытанні, якія паступілі з маладзёжнай аўдыторыі.
Раман МЕЛЬНІК.
Поделиться в соцсетях: