Ср, 19 марта 2025
Прогноз погоды

З якімі вынікамі работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК Кобрыншчыны сустракаюць сваё прафесіянальнае свята...

13/11/2020

Дагледжаныя палі, залатыя нівы, чысціня і парадак на зямлі… Гэта ўсё – вынік штодзённай працы аграрыяў, якія кожны дзень, не лічачыся з часам,  працуюць на карысць сваёй Радзімы. Аб тым, з якімі вынікамі работнікі сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу сустракаюць сваё прафесіянальнае свята, расказвае старшыня райвыканкама Міхаіл ГРЫШКЕВІЧ:

- Кожны год для аграрыяў асаблівы, са сваімі “сюрпрызамі”, што вымушае шукаць нестандартныя падыходы для вырашэння той ці іншай сітуацыі. Вось і сёлета надвор’е выпрабоўвала нас. Халодная вясна, дажджлівае лета… Графік палявых работ прыходзілася карэкціраваць. Нягледзячы на акалічнасці, на Кобрыншчыне з пастаўленымі задачамі годна справіліся. У нас для гэтага дастаткова спецыялістаў, сіл і сродкаў. Так, па выніках работы за студзень-кастрычнік 2020 года тэмп росту валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў сельгасарганізацыях раёна склаў 108% пры заданні 105%. Сёлета было намалочана 92,2 тыс. т збожжавых каласавых культур без уліку кукурузы. Ураджайнасць - 34,2 ц/га, што на 1,9 ц/га вышэйшая, чым у мінулым годзе.  Вытворчасць рапсу склала 11,5 тыс. т пры ўраджайнасці 23,5 ц/га. Намалочана 27,6 тыс. т кукурузы на зерне. Пад ураджай 2021 года пасеяна 24566 га азімых збожжавых.

Ад аб’ёмаў і якасці кармавой базы залежыць і якасць малака. Мясцовымі аграрыямі нарыхтавана 35,7 ц кармавых адзінак на ўмоўную галаву, што на 5 ц больш, чым летась.

Што датычыцца вытворчасці малака, то паказчыкі нас радуюць. За 10 месяцаў бягучага года атрымалі 109,6 тыс. т, ці 113,4% да адпаведнага перыяду 2019 года. Таварнасць малака склала 91,4%. Рэалізавана сортам “экстра” 62,7%. 

Развіццё сельскагаспадарчай прамысловасці немагчыма без умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. У раёне вядзецца будаўніцтва дзвюх малочнатаварных фермаў – у ААТ “Стрыгава” (каля в. Острава) на 777 кароў і ў ААТ “Батчы” на 1200 кароў з закрытым цыклам (каля в. Дзявяткі). У жніўні 2020 года завершана чарга рэканструкцый малочнатаварнай фермы з пашырэннем да 1000 галоў у аграгарадку Хідры (СВК “Узыходзячая зара”). У ААТ “Навасёлкаўскі” праведзена рэканструкцыя цялятніка. Ажыццяўляецца будаўніцтва прафілакторыяў на 150 галоў у ААТ “Любань” і “Дружба народаў”. У ААТ “Гарадзец-агра” пабудаваны прафілакторый для ўтрымання цялятаў, а ў ААТ “Пакроўскі"” праведзена рэканструкцыя аналагічнага аб’екта.

Вядзецца істотная работа па набыцці новай тэхнікі ў гаспадарках раёна.

З гонарам сёлета мы правялі абласны фестываль-кірмаш працаўнікоў вёскі “Дажынкі-2020” у аграгарадку Дзівін. Дзякуючы гэтай падзеі населены пункт значна пераўтварыўся, набыў прыгожы і сучасны выгляд.   

Усе мы разумеем, што будучыня – за моладдзю. Сёлета ў сельскагаспадарчую сферу прыйшлі 23 выпускнікі ВНУ і 24 – сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Мы імкнемся стварыць для моладзі спрыяльныя ўмовы па прафесіянальнай адаптацыі. У нас дынамічна развіваецца інстытут настаўніцтва.

Высокая дысцыпліна і парадак, якасная праца з’яўляюцца закладам паспяховай дзейнасці любой галіны жыццядзейнасці, у тым ліку і сельскагаспадарчай. Аграрыі прыкладаюць усе намаганні, каб забяспечыць дабрабыт краіны і сваёй сям’і. Хочацца шчыра і ад усяго сэрца павіншаваць працаўнікоў вёскі з надыходзячым прафесіянальным святам. Жадаю моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту. За вашу плённую працу зямля абавязкова аддзячыць.

Запісаў Раман МЕЛЬНІК.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу