Вс, 08 сентября 2024
Прогноз погоды

«Вучыліся, як маглі...»

05/07/2010

Гледзячы на наш горад, які літаральна набыў новае аблічча, можна толькі пазайздросціць моладзі. Лядовая арэна, аквапарк, новы Палац культуры, чыстыя вуліцы і новыя школы з самай сучаснай тэхнікай, здаецца, ствараюць усе мажлівыя ўмовы для таго, каб вучыцца і расці сапраўднымі грамадзянамі.Пастаянны чытач і добры сябар нашай газеты Сцяпан Курышка ў свой час пайшоў зусім у іншую школу. Тады, у далёкім 1946-м годзе, адразу пасля Вялікай Айчыннай вайны, аб такім узроўні камфорту ніхто не мог нават і марыць...- Па сутнасці, школы ў нашай вёсцы Балоты ў той час не было ўвогуле, - успамінае Сцяпан Васільевіч. - Былі 4 звычайныя вясковыя хаты, была настаўніца — вось вам і пачатковая школа. Але прыходзілі да нас нават за 5 кіламетраў — асабліва тыя, хто жыў на далёкіх хутарах. Цяжка было — што і гаварыць...Сёння, мабыць, нашым маладым чытачам складана будзе ўявіць тое пасляваеннае жыццё. Як адзначае Сцяпан Васіллевіч, не было нават самага неабходнага — сшыткаў, падручнікаў, цёплага адзення... Для таго, каб набыць паперу і чарніла, трэба было прыкладаць значныя намаганні.- Бывала, дасць маці кавалак масла ці яшчэ што-небудзь — ідзеш за 15 кіламетраў у горад, на рынак. Прадаў — купіў сабе сшыткі. І бацькі разумелі, што за навукай — будучыня, не шкадавалі на школьныя патрэбы самага апошняга. Вось так і вучыліся — як маглі...А потым, калі прыйшоў час вучыцца далей, у вёсцы была арганізавана і сямігадовая школа. Яна размясцілася ў пустой хаце ў цэнтры вёскі, да якой пазней прыстройваліся дадатковыя памяшканні. Вось у гэтай сямігодцы Сцяпан Курышка і атрымаў атэстат, які ў будучыні дазволіў яму рэалізаваць сваю любоў да тэхнікі і паступіць у вучылішча механізацыі.І нават зараз, праз многія гады, Сцяпан Васільевіч з удзячнасцю ўспамінае сваіх настаўнікаў . Жывуць у памяці імёны Аляксандры Лаўрэнцьеўны, Марыі Андрэеўны, Валянціны Караткевіч - тых, хто калісьці выдаваў першыя пуцёўкі ў жыццё дзецям ваеннага ліхалецця...Дзмітрый БЯЛОЎ.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу