Калі патрэбны прыгожы букет альбо кветка ў вазоне, вы, напэўна, звяртаецеся ў кветкавы павільён. Балазе, выбар іх у Кобрыне вялікі. Але ўсё ж такі вазьму на сябе смеласць параіць вам, паважаныя чытачы, звярнуць увагу на той, што змешчаны на рынку побач з універмагам.
Аднойчы завітаўшы ў гэты павільён, я зразумела: менавіта тут знаходзіцца сапраўднае кветкавае царства. Каралевы прыгожых бутонаў розы і пяшчотныя ліліі, пышныя хрызантэмы і строгія герберы, вытанчаныя архідэі і іншыя кветкі, прычым розных колераў - усё гэта хараство быццам зазірае ў вочы і просіць: “Купі мяне”.
Але я не магу аднесціся да гэтай справы абыякава, таму звяртаюся да гаспадыні кветкавага царства - Ларысы Міхайлічэнка - і раюся, што лепш падойдзе сяброўцы на юбілей. Яна ў адказ задала некалькі пытанняў наконт узросту, прафесіі і іншых акалічнасцяў той, каму адрасаваны кветкавы падарунак, і толькі тады выказала добрую параду наконт падбору букета.
Кветкі ў павільёне не толькі на любы густ, але і з улікам магчымасцяў пакупнікоў: ёсць і даражэйшыя, і таннейшыя па цане. Да кожнага кліента тут падыходзяць уважліва і робяць усё магчымае, каб ён застаўся задаволеным.
У павільён Ларысы Міхайлічэнка кветкі трапляюць з аптовай базы Брэста. Летам тут гаспадараць беларускія фларыстычныя прыгажуні, і зімой таксама камфортна адчуваюць сябе і “эмігранты” з Галандыі. Чужаземцамі з’яўляецца і большасць кветак ў вазонах, але яны добра прыстасоўваюцца і да ўмоў жыцця ў Беларусі. Да таго ж, прадавец параіць, як даглядаць за абраным прадстаўніком флоры, каб ён не пераставаў радаваць новых гаспадароў.
- Па парады да мяне звяртаюцца нават тыя, хто купляў кветкі не ў нашым павільёне, - прызнаецца Ларыса Рыгораўна. Значыць, ёй давяраюць.
- Мне падабаецца дарыць людзям радасць, - кажа Ларыса Міхайлічэнка. - Калі яны ідуць ад мяне ў добрым настроі, то нават сэрца выстуквае нейкую асаблівую чароўную мелодыю.
За менш чым два гады працы ў павільёна з’явіліся і свае пастаянныя кліенты. Думаю, што я таксама папоўню іх кола.
Наталля КАНДРАШУК.
Фота аўтара.