Не павінна быць жорсткіх сэрцаў
На мяне пазіралі сумныя вочы кошкі. Нават кацяняты, якія мітусіліся навокал, не радавалі яе. Здавалася, яна была пакрыўджана на ўвесь свет. Такога болю ў вачах жывёлы я не бачыла дагэтуль ніколі. А побач на ланцужку хадзіў знясілены сабака. Нягледзячы на тое, што праз скуру можна было палічыць яго рэбры, позірк быў добры і даверлівы і ніяк не апраўдваў мянушку Вольф. Незвычайным было месца, дзе я сустрэлася з гэтыі і іншымі жывёламі, – гандлёвы цэнтр “Палессе”. Менавіта тут праходзіла дабрачынная акцыя ў падтрымку бяздомных жывёл, якія знаходзяцца ў міні-прыюце-ператрымцы ў Кобрыне. Як высветлілася, у прыюта многа сяброў. У першую чаргу гэта валанцёры, якія, ахвяруючы асабістым часам і сродкамі, даглядаюць і кормяць сабак і катоў. Дарэчы, на апошніх прыют не разлічаны зусім, але ёсць выпадкі людской жорсткасці, прайсці міма якіх проста немагчыма. Сябруюць з прыютам і зусім невядомыя для гаспадароў людзі – тыя, хто кладзе грошы ў адпаведныя скрынкі, размешчаныя ў магазінах. Да і ў гэты дзень знайшлося нямала тых, хто дапамог сабакам і катам.
На момант правядзення акцыі колькасць жывёл, за якімі даглядаюць неабыякавыя людзі, перасягнула ўсе мажлівыя парогі: у прыюце, разлічаным на 10 сабак, утрымлівалася іх каля 40, да таго ж там знаходзілася 30 катоў. Тым не менш пяцёра братоў нашых меншых у гэты дзень знайшлі новых гаспадароў: чатыры шчанюкі і адно кацяня трапілі ў добрыя рукі, прычым абсалютна бясплатна.– Даўно марыла пра чатырохлапага сябра, – прызналася Маргарыта Дудко, новая гаспадыня маленькага бясхвостага прыгажуна. Гледзячы на тое, з якой пяшчотай яна трымала на руках шчаня, я ўпэўнілася, што ў гэты момант зямля стала багацейшая на дзве пары шчаслівых вачэй.Што ж датычыцца вышэй згаданага Вольфа, то стан, у якім яго забіралі ад “гаспадароў”, быў больш жудасным. У прыюце сабаку выхадзілі, але вяртаць у родны дом не збіраюцца, бо тут яго кормяць лепеш, чым тыя, хто прыручыў.
Прыняўшы разам з іншымі ўдзел у акцыі, я міжволі прыгадала падзеі 9-гадовай даўніны, калі мой сын прынёс з вуліцы маленькае кацяня. У першую чаргу мы яго вымылі і пратравілі блох. І ўсе гэтыя гады пушыстая прыгажуня дорыць нам добры настрой, стаўшы сапраўдным членам сям’і.
Дарэчы, калі вы возьмеце жывёлу ў кобрынскім прыюце, то пазбегніце траўлі блох і клопату пра прышчэпкі і стэрылізацыю, таму што ўсё гэта тут ужо зроблена. Больш за тое, кожная сабака і кожны кот маюць нават асабісты пашпарт. Займець новага сябра можна, звярнуўшыся па тэлефонах: 8-033-307-52-77, 8-025-602-04-53 (Людміла)Наталля ЕФЦІФЕЕВА.НА ЗДЫМКУ: у шчанюка цяпер ёсць гаспадар.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: