Пт, 07 февраля 2025
Прогноз погоды

Вальшчык лесу Запрудскага лясніцтва ДДЛГУ “Кобрынскі доследны лясгас” Леанід Хінец: «Тут галоўнае – не спяшацца…»

16/09/2019

Тут галоўнае – не спяшацца…

Вальшчык лесу Запрудскага лясніцтва ДДЛГУ “Кобрынскі доследны лясгас” Леанід Хінец сёлета атрымаў грамату Міністэрства лясной гаспадаркі за добрасумленную працу і ўзорнае выкананнне сваіх службовых абавязкаў. На момант нашага візіту ён працаваў з калегамі ў Балоцкім лясніцтве – на ліквідацыі наступстваў стыхіі.

- Гэта было даўно, – пачынае Леанід Канстанцінавіч свой аповед пра тое, як жыццё прывяло яго ў лясгас. – Спачатку я працаваў вадзіцелем у калгасе імя Леніна (цяпер ААТ “Астромічы”), але па сямейных абставінах прыйшлося змяніць месца працы. Нават не верыцца, што прайшло 17 гадоў.

У лясгасе Леанід Хінец пачынаў лесніком, а праз чатыры гады работы яму прапанавалі стаць вальшчыкам.

- Праца адказная і небяспечная, - заўважае субяседнік. - Тут галоўнае – не спяшацца. Хапае сваіх асаблівасцяў, у тым ліку зрабіць правільны разлік месца, куды павінна ўпасці дрэва. Праца – цяжкая, але за выхадныя паспяваеш адпачыць. Бывала і такое, што за дзень з напарнікам клалі па 25 м3 лесу, што можна параўнаць з аб’ёмам лесавоза.

З напарнікам Аляксандрам Гімбатавым разам працуюць больш за пяць гадоў, таму добра разумеюць адзін аднаго, як кажуць, з паўслова.

Тым часам сонца падымалася вышэй, гуляючы промнямі паміж зламаных хваін. Леанід Канстанцінавіч кажа, што бура пагуляла тут усяго 5-10 хвілін, а наламала лесу, што хопіць работы не на адзін тыдзень.

- Мы часта бываем у камандзіроўках, і не толькі па нашай вобласці. Былі на Гродзеншчыне, Міншчыне. На вялікіх бураломах, дзе не заўсёды спраўляецца фарвардар, дапамагаюць вальшчыкі, – расказвае Леанід Канстанцінавіч.

Паабапал лясной дарогі ў штабелях ляжыць драўніна, гатовая для вывазу. З часам зямлю разоруць, каб вясной пасадзіць новае пакаленне хваіны.

У лесе шмат цудаў, вось і Леанід Канстанцінавіч расказвае, што аднойчы бачыў вялізнага прыгожага рагатага лося, а вось зайцы ды касулі –прывычная справа…

Дома Леаніда Канстанцінавіча чакае жонка, якая працуе ў ААТ  “Астромічы”. Двое сыноў выраслі, пераехалі ў сталіцу, дзе будуюць метро.

Адчувалася, як моцна наш герой любіць лес і сваю справу. Ён не раз быў у лідарах на прафесіянальных спаборніцтвах лясгаса і рэгіёну. Адзначае, што яму па душы размераная і адказная праца ў добрым зладжаным калектыве сваёй брыгады.

Людміла ПАШКОВІЧ.

На здымку аўтара: Леанід Хінец на дзялянцы ў Балоцкім лясніцтве.

 

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу