Аляксандра Войтку ведаюць у Гарадцы як чалавека з залатымі рукамі. За якую работу ні возьмецца, усё ў яго атрымліваецца на “выдатна”. Ён сталярнічае, слясарнічае, нават смачна гатуе есці, і на кожнае сваё ўмельства мае адпаведныя “корачкі”.
Такім умельцам у свой час быў і бацька Аляксандра – Дзмітрый Войтка. “Бывала, тата майструе нешта, а я прыглядаюся. Ён мяне ад сябе не гнаў, наадварот, уключаў у творчы працэс, - усміхнуўся Аляксандр Дзмітрыевіч. Захапляцца механікай пачаў перад тэрміновай службай: прападаў у гаражы да 3-4 гадзін ночы, не адчуваючы ні стомы, ні голаду. Асаблівую асалоду прыносілі рэстаўрацыя і канструяванне тэхнікі. За кароткі тэрмін “ажывалі” ў яго руках груды металалому. Зрабіў сам усе станкі для работы з металам, сабраў некалькі матацыклаў. “Жалезныя коні” Аляксандра Войткі пасля рэстаўрацыі выглядаюць, як новенькія, ранейшымі застаюцца і іх тэхнічныя характарыстыкі. Майстар ахвотна прадэманстраваў магчымасці сваіх “шэдэўраў” – двух- і трохколавых “ІЖ-49”. Ён не толькі даў матацыклам другое жыццё, але і творча іх дапрацаваў. Добра ўпісаўся ў дызайн вялікага “ІЖа” стары нямецкі чамадан для снарадаў. На гэтым матацыкле з каляскай Аляксандр Войтка збіраецца ўдзельнічаць у аўтапрабегу на рэтра-тэхніцы “Берасцейскі тракт-2015”. Гэтае падарожжа, арганізатарам якога выступае клуб аматараў рэтра-аўтамабіляў “Адам”, для ўмельца будзе шостым. Сярод вырабаў майстра ёсць і трактар, сінтэзаваны з розных транспартных адзінак. За яго стварэнне яшчэ ў савецкія часы Аляксандр Дзмітрыевіч заняў першае месца ў раённым конкурсе народных ўмельцаў. Трактар значна аблягчыў работу па гаспадарцы, якая ў яго сям’і заўсёды была немалая. Плугі, культыватар, прычэп – усё зрабіў уласнымі рукамі. Самаробную тэхніку абавязкова рэгіструе, ва ўсім любіць парадак.
Свае задумкі Аляксандр Войтка рэалізоўвае без усякіх чарцяжоў. Прызнаўся, што канчатковы вынік бачыць адразу, таму не марнуе часу на паперы. У дасягненні мэты 58-гадовы майстар заўсёды настойлівы, а яго аптымізму і працаздольнасці трэба павучыцца.
Людміла ДУБІНА.
Фота Дзмітрыя Бялова.