Прывітанне, ліцэй!
Сёлета дружная сям’я Кобрынскага дзяржаўнага прафесіянальнага ліцэя сферы абслугоўвання папоўнілася на 179 першакурснікаў. Статус ліцэістаў атрымалі 125 чалавек з базавай адукацыяй і 52 – з сярэдняй. Гэтая падзея стала ключавой на ўрачыстай лінейцы, прымеркаванай да пачатку новага навучальнага года, якая па традыцыі адбылася ва ўстанове 1 верасня. Цёплая атмасфера, якой акружылі “навабранцаў” педагогі і навучэнцы старэйшых курсаў, адразу надалі ім адчуванне патрэбнасці.Была ў іх і дзіўная магчымасць “пражыць” жыццё ліцэя, якое, як на далоні, бачылася праз шматлікія ўзнагароды, што ўручыў выдатнікам і актывістам установы яе дырэктар Віктар Нічыпарук. Словы падзякі за актыўную грамадскую пазіцыю, якой, заўважу, ліцэісты заўсёды вылучаліся, выказала в. а. першага сакратара РК ГА “БРСМ” Марына Палявода.У межах імпрэзы адбылося ўзнагароджанне навучэнца 3 курса Андрэя Граба за ўдзел у конкурсе “Залатое пяро “Белай Русі”-2016”, дзе на абласным этапе юнак заняў трэцяе месца ў намінацыі “Радзіма на кінастужцы часу”.Думаецца, афіцыйныя моманты, якія “зацягнуліся” дзякуючы шэрагу значных дасягненняў ліцэістаў, і тая сяброўская атмасфера, якой заўсёды славіўся ліцэй, далі першакурснікам адчуванне гонару за тое, што цяпер і яны – частка гэтага жыцця.Людміла ДУБІНА.НА ЗДЫМКУ: цырымонію ўзнагароджання ажыццяўляе Віктар Нічыпарук.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: