Быць грамадзянінам
Традыцыйнае ўручэнне пашпартоў маладым кабрынчанам, арганізаванае да Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь Кобрынскім РК ГА “БРСМ”, прайшло ў райвыканкаме. У мерапрыемстве прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Надзея Жук, старшыня Кобрынскай РА РГА “Белая Русь” Раман Мельнік, першы сакратар Кобрынскага РК ГА “БРСМ” Марына Палявода, прадстаўнікі структурных падраздзяленняў райвыканкама і навучальных устаноў раёна.
- Сёння ў гэтых хлопцаў і дзяўчат прыемны момант – яны атрымліваюць першы асноўны дакумент грамадзяніна нашай краіны, - адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Валянцін Трубчык. – Канстытуцыя – асноўны закон нашай краіны – пачынаецца са слоў “Мы, народ Рэспублікі Беларусь”. І гэтыя маладыя людзі, якія ўжо сёння выдатным чынам праяўляюць сябе ў самых розных сферах, з’яўляюцца неадрыўнай часткай нашага народа, якая рана ці позна зменіць нас, і будзе працягваць рабіць Кобрыншчыну і ўсю нашу краіну багатай, прыгожай і паспяховай.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел 22 вучні школ горада і раёна. Ва ўрачыстай атмасферы Валянцін Трубчык уручыў маладым кабрынчанам пашпарты, Канстытуцыю і кнігу “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь”. Са зваротам да маладых грамадзян выступіў старшыня Кобрынскай РА РГА “Белая Русь” Раман Мельнік.
- Дзень Канстытуцыі - гэта вялікае свята, - падкрэсліў Раман Васільевіч. – Канстытуцыя – сапраўдны сімвал нашай краіны, якая сёння дынамічна развіваецца, мае сучасныя тэхналогіі, выдатную адукацыю і шмат іншых даброт. Што ж датычыцца будучыні, то яна ў вялікай ступені залежыць менавіта ад нашай моладзі, ад тых, хто сёння атрымлівае свой галоўны дакумент грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. І ў гэты светлы і радасны дзень мне хочацца шчыра пажадаць ім поспехаў, жыццёвага імпэту і новых выдатных дасягненняў.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
На здымку аўтара: пашпарты і падарункі маладым кабрынчанам уручае Валянцін Трубчык; фота на памяць.
Поделиться в соцсетях: