Да пілотнага праекта ПРААН “Зялёныя школы” ўстанова адукацыі “Акцябрскі дзіцячы сад-сярэдняя школа” далучылася ў 2013 годзе. За два гады працы ў межах праекта тут дабіліся неблагіх вынікаў. Як вядзецца экалагічнае выхаванне дзяцей ў школе, расказала дырэктар установы Святлана Юр’ева.
- Стаць удзельнікамі праекту “Зялёныя школы” мы вырашылі па многіх прычынах. У першую чаргу, разглядзелі экалагічныя праблемы, якія сёння стаяць на ўзроўні рэспублікі, праз прызму сваіх магчымасцяў. Выхаваць удумлівага, адукаванага грамадзяніна, здольнага беражліва адносіцца да прыроды, каб захаваць яе для будучых пакаленняў, – такой бачым сваю місію.
Прыродаахоўная дзейнасць ва ўстанове рэалізуецца праз пяць накірункаў: “Біяразнастайнасць”, “Энергазберажэнне”, “Водазберажэнне”, “Абыходжанне з адходамі”, “Інфармацыйна-экалагічныя мерапрыемствы па рабоце з мясцовай супольнасцю”. Па кожным з гэтых накірункаў працуюць рабочыя групы. Як заўважыла Святлана Леанідаўна, жадаючых шчыраваць на карысць маці-прыроды было шмат.
Акрамя непасрэдных эколагаў-даследчыкаў, праз вучэбную дзейнасць, факультатыўныя заняткі, гуртковую работу, класныя гадзіны, а таксама разнастайныя экалагічныя акцыі, у праект уцягваюцца ўсе вучні.
Вялікая ўвага ва ўстанове надзяляецца нарыхтоўцы другаснай сыравіны. Як адзначыла дырэктар, па зборы макулатуры, металалому ім ўдаецца не толькі выконваць даведзены план, але і перавыконваць. Статус “Зялёнай школы” падтрымліваецца ва ўстанове і праз актыўную работу па зборы смецця і ліквідацыі несанкцыянаваных звалак. І ў гэтым напрамку дзеці годна спраўляюцца з пастаўленымі задачамі. Чысціня і парадак пануе як на прышкольнай тэрыторыі, так і ўнутры будынка. Вялікая работа тут вядзецца па добраўпарадкаванні і азеляненні. Акультурваннем ўстановы займаецца спецыяльна створаная творчая група ў складзе настаўнікаў і вучняў. Магчыма, такі падыход і абумовіў паспяховыя вынікі ўдзелу Акцябрскага дзіцячага сада–сярэдняй школы ў традыцыйным абласным аглядзе-конкурсе “Прыгажэйшай стане Брэстчына мая”. Сёлета ў вышэйадзначаным спаборніцтве ў намінацыі “Азеляненне ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі ў сельскай мясцовасці” яны атрымалі дыплом 3 ступені.
Адзначанае – толькі частка з шэрагу мерапрыемстваў, якія рэалізуюцца ў школе ў межах міжнароднага экалагічнага праекта “Зялёныя школы”.
- Мы не ставім перад сабой мэту быць першымі, проста хочам унесці свой уклад у агульную справу, такую патрэбную ўсяму чалавецтву, - заўважыла дырэктар напрыканцы нашай размовы.
Людміла Дубіна
На здымку: Святлана Юр’ева ў акружэнні юных даследчыкаў праекта “Зялёныя школы”
Фота аўтара