Ср, 06 ноября 2024
Прогноз погоды

Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю ўтварэння Кобрынскага раёна, прайшло ў Кобрынскім Палацы культуры

22/01/2020

Які б адрэзак гісторыі мы не згадалі, ва ўсе часы  Кобрыншчыне было чым ганарыцца. Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю ўтварэння Кобрынскага раёна, прайшло ў Кобрынскім Палацы культуры.

Міхаіл Грышкевіч і Іван Даўжук віншуюць Мікалая Кенду і Пятра Папроцкага са званнем "Ганаровы грамадзянін Кобрынскага раёна"

Юбілей – выдатная нагода для асэнсавання мінулага, ацэнкі сучаснасці і вызначэння задач на будучыню, - адзначыў старшыня райвыканкама Міхаіл Грышкевіч. – Сёння ў зале сабраліся людзі, якія не проста працавалі на кобрынскай зямлі, а прыкладалі ўсе намаганні для таго, каб зрабіць Кобрыншчыну эканамічна стабільным рэгіёнам. Хочацца шчыра падзякаваць ім усім за сумленную працу, прафесіяналізм і любоў да сваёй малой радзімы.

Лёс  Кобрыншчыны не быў лёгкім – разам з усёй краінай раён перажыў ваеннае ліхалецце, пасляваенную разруху, складаныя 90-я гады… Гісторыя раёна была прадстаўлена ў цікавай выставе, падрыхтаванай супрацоўнікамі Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава. Экспазіцыя адлюстроўвала самыя значныя этапы развіцця нашага рэгіёна і падкрэслівала ролю людзей і іх стваральнай працы ў гэтым працэсе. 

Падчас урачыстага мерапрыемства цёплыя словы былі выказаны  ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, ветэранам працы, былым кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый.

Іх выдатныя працоўныя традыцыі годна працягваюць  сучаснікі – яны атрымалі заслужаныя ўзнагароды з рук Міхаіла Грышкевіча, старшыні раённага Савета дэпутатаў Івана Даўжука, старшыні камітэта эканомікі Брэсцкага аблвыканкама Міхаіла Бацэнка.  За выдатны асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна званне “Ганаровы грамадзянін Кобрыншчыны”  прысвоена былому старшыні райвыканкама Мікалаю Кендзе і дырэктару ААТ “Грушаўскі рамонтна-механічны завод” Пятру Папроцкаму.

 Выдатным эпілогам свята стала канцэртная праграма з удзелам артыстаў і калектываў устаноў культуры раёна. Песні, танцы, музычныя і цыркавыя нумары не пакінулі абыякавымі нікога, аб’яднаўшы ўсіх гасцей мерапрыемства ў адзіным парыве любві да сваёй малой радзімы.

 Красуй у вяках, родная Кобрыншчына, і слаўся дасягненнямі кабрынчан!

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Фота Дзмітрый БЯЛОЎ.

 

 

Поделиться в соцсетях: