Уборачная кампанія на фінальным этапе. Самы час дзякаваць тым, хто ўносіць свой уклад у сёлетняе жніво. З чарговай прыемнай місіяй – уручыць Лісты падзякі – у гаспадаркі раёна адправіўся старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Лазарчук.
Першымі ў раёне жніво завяршыў СВК "Узыходзячая зара». Сёлета ўборачныя плошчы тут склалі 2250 га, што больш на 10% за мінулагоднія.
- На палях працавала 8 камбайнаў, усе механізатары – з нашай гаспадаркі, - расказала старшыня “Узыходзячай зары” Таццяна Дземідзюк, якой і быў уручаны Ліст падзякі. – Зараз наша тэхніка дапамагае ААТ “Любань”.
Усяго гаспадарка намалаціла больш за 8300 т збожжа, што амаль на 3 тысячы больш за мінулагодні паказчык.
- Жніву паспрыяла добрае надвор’е, - заўважае Таццяна Паўлаўна. - Сёлета вельмі парадаваў ураджай азімага жыта – 54 ц/га.
Далей мы адправіліся ў ААТ “Кісялёўцы”. Тут на палях гаспадаркі ўжо 43 гады шчыруе механізатар Павел Хоміч. Сумленнай працай ён даказвае, як любіць сваю работу. Гэта пацвярджаюць і шматлікія ўзнагароды.
- На камбайне я працую даўно, – заўважае Павел Уладзіміравіч. – Жніво – адказная пара. Тут патрэбна мабілізаваць усе рэсурсы. Але ўсё зробіцца.
З напарнікам Мікалаем Трафімуком Павел Хоміч на камбайне ўжо шосты сезон. Па яго словах, менавіта ў рукі такіх маладых работнікаў і трэба перадаваць гаспадарку.
Яшчэ два Лісты падзякі былі ўручаны механізатарам ААТ “Астромічы”, якія ў момант візіту заканчвалі шчыраваць на палях гаспадаркі.
Іван Назарчук і Сяргей Дзяцук разам працуюць ужо 13-ты сезон. Кожны з іх у гаспадарцы больш за 30 гадоў. Хоць і не першыя, але сваю тысячу тон механізатары ўжо намалацілі. Пасля ўборкі яны перасядуць на іншую тэхніку – работы ў гаспадарцы заўсёды шмат.
Да віншаванняў Васіля Лазарчука далучылася старшыня прафкама Валянціна Дабрадзей і работнікі гаспадаркі.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Фота аўтара.
НА ЗДЫМКУ: Васіль Лазарчук віншуе Паўла Хоміча; Іван Назарчук і Сяргей Дзяцук на палях гаспадаркі.
Поделиться в соцсетях: