Капрызы прыроды, якая сёлета так і не парадавала нас традыцыйнай зімой, перакроілі звычны графік аграрыяў – нягледзячы на тое, што на календары пачатак лютага, у ААТ “Батчы” поўным ходам вядуцца палявыя работы - ідзе падрыхтоўка глебы да сяўбы. (Справа налева): Мікалай Пархамчук, Сяргей Грамічук і Андрэй Дзенісюк абмяркоўваюць рэалізацыю плана ўнясення арганікі.Фота: Дзмітрый БЯЛОЎ.
- У бягучы год пасяўныя плошчы складаюць 5445 га, у тым ліку 2680 га збожжа і зернебабовых, - расказвае выконваючы абавязкі дырэктара ААТ “Батчы” Мікалай Пархамчук. - Пасеяна 1800 га азімых збожжавых, у тым ліку 610 га пшаніцы, 900 га трыцікале, 230 га жыта і 60 – ячменю. Пад яравую сяўбу адведзена 2755 га.Зараз у гаспадарцы актыўна ўносяць у глебу арганіку, якой плануецца развезці па палях амаль 56 тыс. т. На момант нашага візіту было ўнесена 31220 т, ці 55,9% ад плана, практычна выкананы план зяблевай апрацоўкі глебы (2682 га, ці 97,4% ад плана). Паралельна вядзецца рамонт тэхнікі.
Добрымі тэмпамі ў ААТ “Батчы” аднаўляецца матэрыяльна-тэхнічная база: за мінулы год былі набыты новы кормараздатчык, касілка, трактар “МТЗ-3522”, пасяўны агрэгат “HORSCH” і многае інш. Мінулы і бягучы год – час вялікай будоўлі: у лістападзе 2019-га была завершана рэканструкцыя малочнатаварнага комплексу “Шыповічы” на 1100 галоў дойнага статка, зараз у гаспадарцы ўзводзіцца новы камбікормавы цэх, працягваецца рэканструкцыя цялятнікаў.
На полі каля аг. Батчы мы сустрэлі механізатара Андрэя Дзенісюка на трактары “МТЗ-3022”, якому дапамагаў Сяргей Грамічук на пагрузчыку “Амкадор”. Як адзначаюць аграрыі, дзякуючы вельмі цёплай зіме можна паступова рыхтавацца да сяўбы. Праўда, зіма яшчэ можа і “сыпануць” снегам, як гэта адбылося падчас нашай кароткай экскурсіі. Усё ж чакаць застаецца нядоўга - зусім хутка першае зерне веснавой сяўбы ўпадзе ў дагледжаную зямлю, каб даць пачатак новаму ўраджаю.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Поделиться в соцсетях: