30 кастрычніка 2014 года ў будынку Кобрынскага райвыканкама адбыўся раённы семінар-вучоба маладых спецыялістаў раёна, арганізатарамі якога штогод выступаюць супрацоўнікі органаў улады. У рабоце семінара прынялі ўдзел старшыня Кобрынскага райвыканкама Аляксандр Зазуля, старшыня раённага савета дэпутатаў Іван Даўжук, галоўны спецыяліст эканамічнага ўпраўлення галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці Святлана Герасімук, а таксама кіраўнікі і спецыялісты структурных падраздзяленняў раённага выканаўчага камітэта. У семінары паўдзельнічалі 132 маладыя спецыялісты.
Перад мерапрыемствам у мяне была магчымасць пагутарыць з імі. Хто яны, маладыя людзі, чый працоўны шлях пачынаецца з кобрынскай зямлі. Вось заатэхнік-селекцыянер СВК “Верхалескі” Алёна Тафелюк. Скончыўшы Пінскі дзяржаўны аграрна-тэхналагічны каледж,дзяўчына вярнулася на радзіму. Праз нашу газету яна падзякавала свайму памочніку ў працы – галоўнаму заатэхніку гаспадаркі Таццяне Харковіч. “З яе дапамогай я асвойваю нашу прафесію, бо тэорыя і практыка, на жаль, зусім розныя рэчы”, - зазначыла Алёна.Пасля заканчэння Беларускага аграрнага тэхнічнага універсітэта вярнуўся ў родны горад і Дзяніс Жарын, энергетык Кобрынскай птушкафабрыкі. У яго таксама ёсць настаўнік, якому ён вельмі ўдзячны, - галоўны энергетык прадпрыемства Андрэй Дубчук. Дзянісу, як і папярэдняй нашай субяседніцы Алёне, тэорыя здаецца адарванай ад практыкі. “Навучальны працэс патрэбна пабудаваць так, каб тэарытычныя веды адразу замацоўваліся на прадпрыемствах, тады будзе лягчэй”, - выказаў уласнае меркаванне хлопец.А вось для настаўніцы пачатковых класаў Хідрынскага вучэбна-педагагічнага комплексу “Яслі-сад-сярэдняя школа” Дар’і Другак практыка з тэорыяй не розняцца. Наадварот, напрацоўкі, зробленыя ёю ў час вучобыў Беларускім дзяржаўным універсітэце імя Максіма Танка, дзяўчына выкарыстоўвае зараз пры рабоце з першакласнікамі. Удзячна яна і сваім калегам, якія пры неабходнасці заўсёды прыходзяць на дапамогу.Агульная колькасць маладых спецыялістаў, якія сёлета папоўнілі дружную сям’ю працаўнікоў Кобрыншчыны, 191 чалавек. І гэта не толькі нашы землякі, але і маладыя людзі з іншых куткоў Беларусі.Адкрыў семінар старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Зазуля. Аляксандр Іванавіч адзначыў, што мы жывём уэпоху, калі менавіта моладзь павінна хутка рэагаваць на выклікі часу і стаць рухаючай сілай грамадства. “Не трэба баяцца цяжкасцяў, любоў да Радзімы, да малой радзімы, пачуццё доўгу, павага да родных і блізкіх дадуць свой плён”, - упэўнены старшыня райвыканкама.Яго выступленне Аляксандра Зазулі заахоціла маладых спецыялістаў да вядзення дыялогу з супрацоўнікамі органаў улады. Яны актыўна задавалі пытанні, раіліся.Старшыня раённага савета дэпутатаў Іван Даўжук засяродзіў увагу моладзі на такой чалавечай якасці як ініцыятыўнасць. “Многае ў нашым жыцці залежыць ад нас саміх. Сёння вы са сваёй ініцыятывай павінны ісці да кіраўніка”, - падкрэсліў ён.Семінар стаў сапраўдным урокам фінансавай адукацыі для прысутных. Усё па крэдытаванні і крэдытным рэгістры расказала Святлана Герасімук, галоўны спецыяліст эканамічнага ўпраўлення галоўнага ўпраўлення Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Брэсцкай вобласці.У ходзе семінара ўдзельнікі наведалі ўстановы і прадпрыемствы горада. Завяршылася ўсё канцэртам і дыскатэкай.
Інфармацыю аб мерапрыемстве чытайце таксама на адзіным партале фінансавай пісьменнасці насельніцтва: fingramota.by Людміла ДубінаФота аўтара
Поделиться в соцсетях: