І зноў звініць званок
Ёсць моманты, калі лепш за ўсё адчуваеш адвечны рух часу. Адным з іх з’яўляюцца школьныя лінейкі, у час якіх разумееш, што ўсе мы сталі старэйшымі яшчэ на адзін год, а нашы дзеці яшчэ на адзін крок наблізіліся да самастойнага жыцця. І зноў звініць першы школьны званок, і зноў становіцца адначасова сумна і радасна. Менавіта такія пачуцці панавалі ў час урачыстай лінейкі, якая прайшла ў Дзень ведаў у Пескаўскай сярэдняй школе, дзе сёлета адкрыліся дзверы для 162 вучняў.
– Па-першае, хацелася б з задавальненнем адзначыць, што сёння тут, у Пескаўскай школе, зроблена ўсё неабходнае для таго, каб дзецям было ўтульна і камфортна, каб усе яны атрымлівалі належныя веды, – адзначыў старшыня райвыканкама Аляксандр Зазуля. – Увогуле, уся тая вялікая работа, якая вядзецца сёння ў школах Кобрыншчыны, заслугоўвае таго, каб быць прыкладам для многіх іншых. Асобныя словы хочацца сказаць і выпускнікам: хацелася б, каб усе іх планы ажыццявіліся. А мы будзем усімі сіламі гэтаму садзейнічаць.Што ж датычыцца тых, хто ўпершыню сядзе за школьныя парты, то, як справядліва падкрэсліў старшыня райвыканкама, менавіта яны сёння з’яўляюцца нашым галоўным багаццем. Дарэчы, у Пескаўскай школе сёлета 22 першакласнікі, што амаль у два разы больш, чым было летась. Згадзіцеся, даволі відавочная нагода для аптымізму.
Як падкрэслівалася ў ходзе ўрачыстай лінейкі, у Песках прысутнічае нейкая сімвалічнасць: зусім побач са школай будуецца новы храм, нібыта ўвасабляючы сабою Божае благаславенне для новых сямей і дзетак, якія толькі пачынаюць сваё жыццё. І няхай гэтае жыццё пад мірным небам нашай Беларусі будзе добрым і светлым, як тыя пачуцці, што з году ў год абуджае ў нашых душах першы школьны званок.Дзмітрый БЯЛОЎ.НА ЗДЫМКАХ аўтара: Аляксандр Зазуля ўручае першакласнікам кнігі “Беларусь – мая Радзіма”; настаўнік пачатковых класаў Алена Байдоўская з першакласнікамі; у час урачыстай лінейкі.
Поделиться в соцсетях: