Чт, 23 января 2025
Прогноз погоды

Свой первый пожар водитель ПАСЧ-1 Кобринского РОЧС Павел Остапук помнит и до этой пoры

04/11/2015

Павел АСТАПУК:
“Навучыўся “разумець” стыхію”
Свой першы пажар вадзіцель ПАВЧ-1 Кобрынскага РАНС Павел Астапук памятае і да гэтай пары. Па вуліцы Данілеўскай у выніку кароткага замыкання электраправодкі загарэўся дом. Полымя ўжо вырвалася вонкі, калі выратавальнікі прыехалі на месца  ўзгарання. І хоць тады ўсё скончылася без ахвяр, пажар адбіўся ў свядомасці субяседніка. “Хваляванне ахапіла мяне з сігналам трывогі. Непадкантрольныя дрыжыкі прабеглі па руках і нагах. Памятаю, як упершыню сеў за руль пажарнай машыны”, - успамінае Павел Сцяпанавіч. Гэта быў 1994 год, пачатак ваенізацыі пажарнай часці, першае баявое дзяжурства нашага героя, якому на той час было дваццаць пяць гадоў.
Цяпер на рахунку выратавальніка – мноства пажараў. Нягледзячы на гэта кожны трывожны званок прымушае яго хвалявацца.  “Гэта страшная бяда, прывыкнуць да якой немагчыма. За кожным з пажараў – чалавечая трагедыя”, - разважае Павел Астапук.
Даводзілася яму бачыць і гібель людзей, што асабліва балюча адклікаецца ў сэрцы. І хоць адзначыў, што аднолькавых пажараў не бывае, за гады работы навучыўся “разумець” стыхію. “Зыходзячы з канструкцыі будынкаў іншым разам можна прадбачыць, куды перакінецца полымя, і перагарадзіць яму шлях”, - заўважыў субяседнік. Бывалі ў яго практыцы выпадкі, калі з-за няшчырасці пагарэльцаў агонь набіраў большыя маштабы, чым прагназавалі выратавальнікі. Так, сёлета тушэнне пажару адной з гаспадарчых пабудоў горада значна ўскладнілася з-за раптоўнага выбуху газавых балонаў, якія захоўваліся ў гаражы гаспадара. Долі секунд аддзялялі выратавальнікаў ад смерці.
У горадзе Павел Астапук ведае кожны куточак, гэта дазваляе  яму як вадзіцелю імгненна рэагаваць на выклікі. За добрыя службовыя паказчыкі ён неаднаразова адзначаўся граматамі.  “За поспехам кожнага выратавальніка стаіць зладжаная праца ўсяго экіпажа”, - упэўнена заўважыў субяседнік. Не апошнюю ролю ў лакалізацыі пажару з найменшымі стратамі, на яго думку, іграюць і самі пагарэльцы. Тут меліся на ўвазе і правільныя выклікі пажарнай службы, і паводзіны ахопленых роспаччу людзей.
Нялёгкую прафесію выратавальніка Павел Астапук асвоіў на падрыхтоўчых курсах у Брэсце. Правы ж вадзіцеля атрымаў у час вучобы ў Маларыцкім прафесіянальна-тэхнічным вучылішчы, куды паступіў адразу пасля заканчэння 8 класаў Павіццеўскай сярэдняй школы. Вадзіцельскага вопыту набіраўся ў родным саўгасе “Арэхаўскі” і ў час тэрміновай службы ў Туркменіі.
Шмат узнагарод Павел Астапук мае і за ўдзел у спартыўных спаборніцтвах, у якіх сістэматычна абараняе годнасць роднага аддзела. Асаблівых поспехаў дасягае ў лёгкай атлетыцы. Субяседнік аказаўся добрым спартсменам: у свой час ён закончыў факультэт фізічнай культуры Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна.
Наша размова адбылася пасля заканчэння яго чарговага баявога дзяжурства. Павел Сцяпанавіч накіраваўся дадому, дзе з нецярпеннем яго чакалі жонка Святлана, сын Сяргей і дачка Ірына, для якіх ён такі ж надзейны сябар і дарадчык, як для сваіх баявых таварышаў.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу