Усё жыццё прайшло ў працы
Не так даўно свой 90 дзень нараджэння адзначыла жыхарка вёскі Хадынічы Вольга Андрасюк. Заслужаная калгасніца, маці, выгадаваўшая годных дзяцей, добрая бабуля і прабабуля – такой ведаюць жанчыну аднавяскоўцы. Дарэчы, менавіта іх неабыякавасць да тых, хто побач, і стала нам адпраўной кропкай для напісання матэрыялу. Да жанчыны, якая ўсё сваё жыццё імкнулася жыць па сумленні (яшчэ адзін аргумент, што прагучаў у час пабуджальнага тэлефоннага званка), мы завіталі ў пярэдадзень важнай для яе падзеі. Вольга Аляксееўна сядзела за сталом, трымаючы ў руках віншавальную паштоўку. Як высветлілася, увагу “юбіляршы” ўдзяліў раённы савет ветэранаў. Было заўважна, што жанчына ледзь стрымлівала хваляванне.Жыццё распарадзілася так, што праца для нашай гераіні была адзінай альтэрнатывай. Да знямогі працавала яна ў бацькоўскай шматдзетнай сям’і, што пражывала ў Хабовічах і валодала 22 гектарамі зямлі, шчодра “нарэзанымі” польскімі ўладамі. Не змякчэлі мазолістыя рукі і пасля замужжа, якое і прывяло нашу гераіню ў Хадынічы. Сямейны шлюб, які Вольга і Пятро ўзялі ў даволі юным узросце, трываў усяго 8 гадоў і ўспамінаецца нашай гераіні толькі што ўдзячнасцю за чацвярых дзяцей. Напэўна, статус самотнай маці з малымі дзецьмі на руках, які воляй лёсу Вольга прымерыла ў 25 гадоў, і былі вызначальнымі, калі жанчына сказала, што жыццё ўспамінаецца больш бядой, чым радасцю.Згодна ў такт размовы ківаў галавой яе сын Сцяпан, які быў сведкам нялёгкага мамінага лёсу і на час нашага прыезду гасцяваў у мамы. Нават праз гады не забыў ён маміну навуку, якая заключалася ў чуласці да людзей і пашане да працы.-Я ніколі не бачыў маму без справы, - заўважыў Сцяпан Пятровіч і расказаў, як выжывала іх сям’я ў суровых пасляваенных умовах, калі платай за цяжкую працу калгасніка былі абстрактныя працадні.Процістаяць тагачасным рэаліям Вользе Андрасюк у многім дапамагло яе ўмельства. Валодаючы рознымі відамі рукадзелля, у тым ліку ткацтвам, шыццём і вязаннем, жанчына зарабляла сабе і сваім дзецям кавалак хлеба.Тэмп жыцця, якога заўсёды прытрымлівалася наша гераіня, дае аб сабе ведаць. У сваім паважаным узросце Вольга Андрасюк яшчэ трымае невялікі гародчык. Дарэчы, у працы наша гераіня бачыць сакрэт свайго даўгалецця.Людміла Дубіна.На здымку: Вольга Андрасюк з сынам Сцяпанам.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: