Прогноз погоды
Вт, 22 апреля 2025

Свята гармоніі і прыгажосці

08/06/2011 Образование

Напрыканцы мая Кобрыншчына гасцінна вітала ўдзельнікаў чацвёртай абласной галіновай спартакіяды Беларускага прафсаюза работнікаў культуры. Свае заяўкі на ўдзел у гэтым мерапрыемстве падала 31 каманда практычна з усіх куткоў Брэстчыны. Агульная колькасць фізкультурнікаў перавысіла ўсе рэкорды мінулых гадоў і склала больш за 450 чалавек!

Цэнтрам спартыўных падзей стаў гарадскі стадыён “Юнацтва”, куды з раніцы пачалі з’язджацца шматлікія дэлегацыі прыхільнікаў здаровага ладу жыцця. Сёлетнія спаборніцтвы было вырашана размеркаваць па дзвюх падгрупах – калектывы фізкультуры арганізацый і ўстаноў сістэмы Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, а таксама прадстаўнікі ўстаноў культуры і мастацтва, СМІ і паліграфіі. Спартсменам належала спаборнічаць у настольным тэнісе, дартсе, плаванні, валейболе, міні-футболе і лёгкаатлетычнай эстафеце, дзе чатыры спартсмены павінны былі пераадолець 100-метровую дыстанцыю.

Адкрыццё спартакіяды пачалося з урачыстага пастраення ўдзельнікаў. Шарэнгі каманд у спартыўных касцюмах расцягнуліся праз усё футбольнае поле. Былі сярод іх і кабрынчане на чале са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў культуры Людмілай Аносавай. У такіх стартах наша каманда нярэдка перамагае ці займае прызавыя месцы. Кожны яе ўдзельнік сістэматычна займаецца фізічнымі практыкаваннямі і наведвае новыя спартыўныя збудаванні Кобрынчшыны.

Віталі ўдзельнікаў спартакіяды старшыня абкама прафсаюза работнікаў культуры Галіна Крынец, начальнікі ўпраўленняў культуры і фізкультуры, спорту і турызму аблвыканкама Рыгор Бысюк і Мікалай Хявук. Яны ад усяго сэрца пажадалі прысутным здароўя, бадзёрасці і перамогі. Прагучаў гімн Рэспублікі Беларусь.

Кожны від праграмы спартакіяды быў захапляючым. На ўласны погляд, асабліва відовішчным быў эстафетны спрынт, у якім выдатна выступілі кабрынчане Алена Раманюк, Уладзімір Вяльшын, Мікалай Новік і Юлія Родзіч. Не менш цікавымі былі і футбольныя баталіі. Кобрынская каманда на чале з Аляксандрам Лацуком адпраўляла ў глыбокі “накаўт” усіх сваіх сапернікаў. Але апошні матч у фінале за перамогу супраць пінчан  вымусіў пахвалявацца балельшчыкаў. Кабрынчане на працягу гульні вялі з лікам 1:0. Раптам канкурэнты зраўнялі лік. І толькі дзякуючы эфектнаму голу Аляксея Дударава на апошніх хвілінах матча землякі заваявалі “золата”.

Па-сапраўднаму бескампрамісныя гульні разгортваліся на валейбольнай пляцоўцы КСДЮШАР, дзе вялі барацьбу за лідарства кабрынчане на чале з капітанам Васілём Знахарчуком. Васіль Міхайлавіч дэманстраваў выдатную фізічную форму і сваім баявым настроем падбадзёрваў усю каманду. У выніку нашы валейбалісты прынеслі ў агульную скарбонку чарговую ўзнагароду  - “бронзу”.

А як жа прыемна было атрымліваць заслужаныя ўзнагароды! У гарадскім Палацы культуры лепшым з лепшых уручаліся дыпломы, кубкі, а таксама каштоўныя прызы. Цяпер па выніках спартакіяды будзе сфарміравана аб’яднаная каманда вобласці, якая прадставіць Брэстчыну сёлета ў другой дэкадзе чэрвеня на рэспубліканскіх спаборніцтвах.

Раман МЕЛЬНІК.

Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу

Последние новости