У 10 гадоў Станіслаў Сліж быў цвёрда ўпэўнены, што стане поварам. Яго дзіцячая мара і сапраўды здзейснілася. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 8 юнак падаўся ў абласны цэнтр, у прафесійна-тэхнічны каледж гандлю. На думку юнака, прафесія повара – мастацкага накірунку. “Мне заўсёды хацелася змяніць стаўленне людзей да працэсу прыгатавання ежы. Повар - гэта перш за ўсё мастак, які ўкладае ў страву часцінку сваёй душы”, - разважае ён.З 2010 года Станіслаў Сліж працуе шэф-поварам у кафэ “Дыскаверы” групы кампаній ДУП “Нашы вытокі”. У 2013 годзе ён стаў членам Нацыянальнай гільдыі повараў і шэф-повараў Беларусі. У межах гільдыі ўдзельнічаў у майстар-класе па прыгатаванні сушы, які праходзіў у Мінску. “Для мяне такія мерапрыемствы – перш за ўсё выдатная школа майстэрства”, - адзначае Станіслаў.Ён з ахвотай прымае ўдзел у прафесіянальных конкурсах. Вось і сёлета паўдзельнічаў у турніры “Залаты кіцель” Беларусі”, які праводзіўся ў межах ІІІ Рэспубліканскага фестывалю смачнага блогу. Станіслаў з задавальненнем падзяліўся сваімі ўражаннямі.“Мой рэгістрацыйны нумар быў 857, а ўсяго заявак на ўдзел у конкурсе было да тысячы. Мяне не палохала вялікая колькасць кандыдатаў, быў упэўнены, што маю заяўку пацвердзяць”, - расказвае Станіслаў.Інтуіцыя не падвяла. Кабрынчанін трапіў у спіс 28 удзельнікаў. Спаборніцтва ажыццяўлялася па трох намінацыях: прыгатаванне рэстаранных страў з мяса, рыбы і птушкі, на якое адводзілася 40 хвілін. Асабліва запомнілася першае выпрабаванне, калі давялося працаваць з філе дарады. Такую рыбу ён ніколі раней не гатаваў. Тады хлопец успомніў гісторыю з дырэктарам рэстарана “Жуль Верн”, што ў Брэсце.“Аднойчы ён папрасіў мяне прыгатаваць кракадзіла, а я разгубіўся. Тады дырэктар заўважыў, што кракадзіл – гэта мяса. Зараз я да ўсяго стаўлюся спакойна”, - гаворыць малады повар.Удзел у турніры для Станіслава Сліжа закончыўся паспяхова. Бронзавым медалём адзначаны яго стравы з рыбы і птушкі, сярэбраным - стравы з мяса.Людміла ДУБІНА.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: