Прапаганда здаровага ладу жыцця – неабходная і неадрыўная частка школьнай адукацыі. Аднак, згадзіцеся, адна справа – проста гаварыць аб гэтым самым здаровым ладзе, і зусім іншая - весці яго самому, на асабістым прыкладзе дэманструючы эфектыўнасць ідэй, аб якіх расказваеш дзецям. Выдатным прыкладам гэтага сталі фінальныя спаборніцтвы чарговай, 19-й раённай спартакіяды работнікаў сістэмы адукацыі, якая прайшла нядаўна на базе Кобрынскай КСДЮШАР.
- Гэта – магчымасць паказаць важнасць і неабходнасць здаровага ладу жыцця на асабістым прыкладзе, проста прысвяціць час свайму здароўю, - адзначыла начальнік аддзела адукцыі, спорту і турызму райвыканкама Галіна Радковіч. – Вельмі прыемна, што ў нашых педагогаў словы не разыходзяцца са справамі і што ў педагагічным асяроддзі весці здаровы лад жыцця - папулярна і прэстыжна.Шчыра прызнацца, перад выездам на спартакіяду мне чамусьці здавалася, што абсалютную большасць удзельнікаў там будуць складаць настаўнікі фізкультуры. Аднак першыя ж знаёмствы прыемна здзівілі – прыняць удзел у спартакіядзе прыйшлі і фізікі, і матэматыкі, і інфарматыкі, і псіхолагі, і кіраўнікі навучальных устаноў – усіх не пералічыць.
Яна ШАПЯЦЮК,педагог-псіхолаг Астроміцкай СШ:- Захапленне валейболам прыйшло разам з работай у школе. Менавіта па гэтай дысцыпліне сёння і буду выступаць на спартакіядзе. Гэта цікава і карысна.Віталь ПУЧЫК,кіраўнік спартыўных секцый Стрыгаўскай СШ, пенсіянер:- Спорт – гэта здароўе, гэта энергія ў любым узросце. І, безумоўна, спорт сёння патрэбен як нашым вучням, так і педагогам – проста для таго, каб выдатна сябе адчуваць і глядзець на жыццё з аптымізмам.Аляксандра КАЛІНОЎСКАЯ,выкладчык нямецкай мовы Залескай СШ:- Яшчэ са школы любіла настольны тэніс, удзельнічала ў спаборніцтвах. Работа ў школе пакідае не так ужо шмат асабістага часу, а такія мерапрыемствы не толькі служаць добрым прыкладам нашым вучням, але і ўмацоўваюць адносіны ў калектыве.Справу па душы ў гэты дзень знайшлі для сябе аматары самых розных відаў спорту – у спартыўнай зале абменьваліся падачамі валейбалісты, на другім паверсе шпарка лёталі тэнісныя шарыкі, за дошкамі абдумвалі чарговыя хады прыхільнікі шахмат і шашак. Па агульнакамандных выніках раённай спартакіяды лепшымі па валейболе сталі спартсмены з СШ № 8, па шашках – СШ № 2, па шахматах першае месца ў каманды СШ № 9, у настольным тэнісе мацнейшымі былі спартсмены са Стрыгаўскай сярэдняй школы. Аднак на гэтым спартыўны марафон для педагогаў не скончыўся – на другі дзень на базе КСДЮШАР прайшлі абласныя занальныя спаборніцтвы супрацоўнікаў сістэмы адукацыі па валейболе. З задавальненнем адзначым, што кабрынчане паказалі сябе з найлепшага боку і занялі першае месца.Дзмітрый БЯЛОЎ.Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: