Практычны семінар-вучоба для маладзёжнага актыву адбыўся напрыканцы мая на турбазе “Салют” пад эгідай РК ГА “БРСМ” і аддзела па справах моладзі райвыканкама. У рабоце мерапрыемства прынялі ўдзел другі сакратар Брэсцкага АК ГА “БРСМ” Таццяна Вянско, прадстаўнікі РАУС, аддзела культуры райвыканкама, фінансава-крэдытных устаноў Кобрынчшыны.
Адно з першарадных пытанняў тычылася арганізацыі вольнага часу ў маладзёжным асяроддзі. Таццяна Вянско і першы сакратар РК ГА “БРСМ” Людміла Чырун у выглядзе слайд-шоў прэзентавалі прысутным апошнія творчыя праекты маладзёжнага саюза – фестываль субкультур, відэабатл, “Місс-восень” і інш. Мерапрыемствы такога кшталту атрымалі шырокі грамадскі рэзананс на Кобрыншчыне. На адрас РК ГА “БРСМ” і аддзела па справах моладзі райвыканкама паступалі канструктыўныя прапановы наконт укаранення падобных ініцыятыў, у тым ліку і для працуючай моладзі. Абмяркоўваліся аспекты ўзаемадзеяння кіраўнікоў арганізацый і ведамстваў Кобрынчшыны з лідарамі БРСМ пры арганізацыі масавых акцый.
Прадстаўнікі маладзёжнага руху не абмінулі ўвагай рэха апошніх трагічных падзей у сталічным метрапалітэне. Аб тым, якія меры прымаюцца па забеспячэнні бяспекі грамадзян і супрацьдзеянні тэрарыстычным і экстрэмісцкім праяўленням, расказаў прысутным начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі правапарушэнняў РАУС падпалкоўнік міліцыі Андрэй Крымскі.
Жыллё было і застаецца пытаннем нумар адзін для кожнай сям’і. Дакладную інфармацыю па тэматыцы крэдытавання моладзі дала вядучы спецыяліст сектара крэдытавання насельніцтва філіяла №113 ААТ “ААБ Беларусбанк” Валянціна Суботка.
У другой частцы семінара бээрсээмаўцы прынялі ўзел у працоўнай акцыі “Маладосць! Праца! Рамантыка!”, у працэсе якой добраўпарадкоўвалі сельскагаспадарчыя аб’екты СВК “Вербнае” ў в. Пескі. А потым адбыліся спартыўныя спаборніцтвы па футболе і стральбе з пнеўматчынай вінтоўкі, інтэлектуальныя віктарыны і конкурсы з уручэннем прызоў. На наступны дзень лідары БРСМ правялі практычны занятак “Жыццёвыя арыенціры сучаснага маладога чалавека”, а таксама спланавалі новы праект масавых мерапрыемстваў “Зрабі свой выбар”.
Раман МЕЛЬНІК.
Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: