Ср, 13 ноября 2024
Прогноз погоды

Сезонная проблема: что-то в Кобрине стало скользко...

03/02/2012

На жаль, інфармацыя з траўматалагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы сведчыць: з прыходам сапраўдных халадоў і, адпаведна, пашырэннем лядовага панцыру на тратуарах і дарогах значна ўзрасла колькасць людзей, якія атрымалі траўмы на якім-небудзь коўзкім месцы.

Такія прыкрыя факты часцяком здараюцца з-за ўласнай неасцярожнасці, аднак не будзем заплюшчваць вочы і на тое, што стан нашых гарадскіх вуліц у гэтыя сцюдзёныя дні ў шмат якіх месцах пакідае жадаць лепшага. І калі праезная частка асноўных цэнтральных магістраляў і тратуары паабал іх у большасці не выклікаюць нараканняў, яны старанна чысцяцца камунальнымі службамі і пасыпаюцца пяском ці адпаведнымі спецыяльнымі сумесямі, дык на шэрагу іншых вуліц бачна, што па іх прайшліся снегаачышчальныя машыны і не болей.

Так, пасля таго, як канкрэтна сыпанула снегам і ўдарылі даволі моцныя маразы, падобнае назіралася па вуліцах Панфілаўцаў, Паўднёвай, Бурштынавай, Хваёвай і сумежных, нават па вул. Дружбы многія тратуары настойліва “прасілі” пясочку...

Але  можна, што называецца, паваліцца на роўным месцы і ў самым цэнтры. Скажам, у гарадскім парку асноўныя праходы і алеі хоць і пасыпаныя, затое ад цэнтральнага ўваходу і далей даводзіцца ісці па сапраўднай каўзаце. (Прынамсі, так было раніцай у пятніцу 27 студзеня, калі рыхтаваўся гэты матэрыял). Там ужо не паркавая тэрыторыя, і цяжка вызначыцца, каму яе прыбіраць?.. Зусім не трывала адчувалі сябе пешаходы і ля галоўнага філіяла “Беларусбанка”, ля цэнтральнай плошчы.

- Тэрыторыі на падыходах і побач з гэтымі і шэрагам іншых функцыянальных і адміністрацыйных будынкаў павінны прыбіраць работнікі гэтых устаноў, – тлумачыць сітуацыю начальнік дарожна-эксплуатацыйнага ўчастка КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ» Анатоль Якімовіч. – Калі ж яны не спраўляюцца ці не маюць такой магчымасці – тады мэтазгодна звярнуцца да нас і заключыць дагавор на ўборку. Што датычыць расчысткі і падсыпання гарадскіх вуліц і тратуараў, было вырашана асаблівую ўвагу звярнуць на тыя вуліцы, дзе праходзяць асноўныя маршруты транспарту. Іншыя таксама чысцяцца, але падсыпка сіламі КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ» там вядзецца ў меншай ступені. Таксама імкнемся разумным чынам вырашаць пытанні са снегам, які ссунуты на абочыну. Дзе ёсць магчымасць, снег вывозім, дзе пакуль няма – стараемся, каб тэхніка не ссоўвала гэтыя гурбы пад самыя вароты ці ўчасткі людзей.

Ігар ФЕДАРОВІЧ.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу