Ср, 06 ноября 2024
Прогноз погоды

Счастье Михаила Григорика

25/03/2015 Социум

Міхаіла Грыгорыка з вёскі Казішча добрымі словамі ўспамінаюць многія людзі. Ён выдатны майстар сталярнай справы - вырабы карыстаюцца попытам не толькі ў вобласці, але і далёка за яе межамі. Міхаіл Данілавіч не памятае ў твар усіх сваіх заказчыкаў, але сваю работу можа пазнаць без цяжкасцяў. На працягу жыцця ён стварыў уласны сталярны почырк, у аснову якога лягла якасць.
Здольнасці да сталярнай справы яму перадаліся па спадчыне. Стрыечныя браты мамы былі добрымі майстрамі.
- Я прыглядаўся, як яны працуюць. А потым браў ножык і сам нешта габляваў. Іншым разам рэзаў пальцы, кроў цякла, балюча было, а я не спыняўся. Маці ўбачыць, адбярэ нож, а я гучна плачу. Тады бабуля ўпотай мне ножык давала.
Дзіцячыя гады – успаміны нялёгкія. Страх вайны і цяжкая  праца выпалі на яго долю. З пяці гадоў пасвіў кароў, дапамагаў маці ўпраўляцца па гаспадарцы. Хоць да навукі меў нядрэнныя здольнасці, скончыў усяго тры класы. “Я ж у школу хадзіў толькі позняй восенню і зімой, калі кароў у хлеў ставілі”, - патлумачыў так.
Школа была арганізавана ў адной з вясковых хат. Яе гаспадар займаўся сталярнай справай. Міхаіл Данілавіч прызнаўся, як у час перапынку паміж урокамі замест дзіцячых забавак падглядаў за майстрам.
Дзіцячыя захапленні сталі вызначальнымі ў выбары прафесіі.  Ужо ў юнацкім узросце Міхаіл Грыгорык набыў аўтарытэт нядрэннага сталяра.
Пасля арміі Міхаіл Данілавіч ажаніўся. Любімая справа стала для яго сродкам заробку.
- Чаго я толькі не рабіў за сваё жыццё - дзверы, вокны, ложкі, табурэткі, альтанкі.
У пакоі, дзе мы сядзелі, было шмат вырабаў з дрэва. Таксама справа рук майстра. Ва ўласнай хаце ён зрабіў і печы.
Я паглядзела на яго рукі. Мазолістыя, шурпатыя. Было ў іх нешта асаблівае, ад чаго ўзнікла дзіўнае жаданне датыкнуцца да гэтых натруджаных рук.
Мой погляд спыніўся на драўлянай блакітнай сцяне.
Міхаіл Данілавіч заўважыў маю цікавасць і прамовіў:
- Гэта здымная сцяна. Спецыяльна такую зрабіў, калі ставіў хату. У мяне ж чатыры сыны гадаваліся. Вось і прадумаў загадзя, каб вяселлі ладзіць было зручна. Разбярэш сцяну – і зала для гасцей  гатова.
Загаварыўшы пра дзяцей, стары расчуліўся. Ён успомніў, як Аляксандра і Леаніда забіралі ў Афганістан.
- Стаю на аўтобуснай станцыі, гляджу на хлопцаў, а сэрца аж разрываецца.
Пасля ад’езду сыноў Міхаіл Грыгорык страціў спакой. Не спаў начамі, перажываў.  За два месяцы не атрымаўшы ніводнага ліста, звярнуўся да Бога, стаў маліцца.
Сыны вярнуліся жывымі і здаровымі. А Міхаіл Данілавіч працягваў свае малітвы, дзякаваў Богу. Ён актыўна ўдзельнічаў у аднаўленні мясцовай царквы. У 1994 годзе быў прызначаны царкоўным і вясковым старастам.
Ён ведае кожнага жыхара сваёй вёскі. Перажывае, калі бачыць, як некаторыя людзі марнуюць сваё жыццё праз п’янства і гулянні. Непакоіць яго і вясковая цішыня, бо моладзь падаецца ў горад, а старыя дажываюць свой век.
Сыны Міхаіла Грыгорыка таксама з’ехалі з вёскі. Прыязжаюць рэдка. Праўда, малодшы сын Леанід жыве з ім. Ён, як і бацька, сталярнічае.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу