Ср, 06 ноября 2024
Прогноз погоды

Рэтра ці мадэрн?

20/01/2014

Менавіта такое пытанне ўзнікала ў наведвальнікаў ваенна-гістарычнага музея імя А.В. Суворава, якія пажадалі прыняць актыўны ўдзел у конкурсе… ёлак. З надыходам навагодніх святаў непасрэдна ў фае гэтай установы з’явіліся адразу дзве прыгажуні. Першая - штучная, з сучаснымі гірляндамі агеньчыкаў і цацкамі. Менавіта такую ёлку мы прывыклі бачыць у многіх дамах ці кватэрах. А вось другая ёлка ўпрыгожвалася ў стылі рэтра. Як нам паведаміла дырэктар музея Алена Бабенка, амаль кожная цацка на дрэве ўжо можа лічыцца рарытэтам. На зялёных духмяных галінках - серпанцін, шкляныя пацеркі, цацачныя птушкі, звяры і Дзед Мароз са Снягуркай з ваты, якім споўнілася па трыццаць і болей гадоў. Менавіта такія аздабленні даставаліся з кобрынскіх гарышчаў кожны год нашымі бацькамі, бабулямі і дзядулямі… Большасць унікальных навагодніх экспанатаў належыць Марыі Мартынавай - дачцэ першага дырэктара музея Аляксея Мартынава.

А яшчэ на такой рэтра-ёлцы па старадаўняй традыцыі красуюцца шматлікія салодкія прысмакі – пернікі, цукеркі, а таксама яблыкі, якія згодна з усходнім павер’ем, павінны задобрыць каня – сімвала 2014 года.Каля кожнай ёлкі ўстаноўлены спецыяльныя празрыстыя скрынкі для грашовых купюр. “Прагаласаваць” за кожную з прыгажунь мелі магчымасць усе жадаючыя. Аднымі з першых гэта з вялікай асалодай зрабілі выхаванцы дзіцячага сада № 13 разам з выхавальнікам Вольгай Дудко і сваімі бацькамі. Казачная завіруха, якая раптам завітала на конкурс ёлак, расказала хлопчыкам і дзяўчынкам шмат цікавых навагодніх паданняў, а таксама закружыла маленькіх наведвальнікаў у віхуры святочнага карагода.Раман МЕЛЬНІК.НА ЗДЫМКУ: выхаванцы дзіцячага сада разам з Вольгай Дудко каля рэтра-ёлкі.Фота аўтара.

Поделиться в соцсетях: