Выхаванцам Дзiвiнскага дзiцячага дома пашанцавала стаць удзельнiкамi цiкавага праекта «Сэрца маленькага беларуса», якi праходзіць у краіне пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.
25 верасня, "Кобрынскі веснік"/ Вольга Міцкевіч, рr-спецыяліст беларускага брэнда sertsa®, часткай сацыяльнай ініцыятывы якога з’яўляецца праект:
– Акцыя адбываецца ўпершыню, але, спадзяемся, стане традыцыйнай. У ёй удзельнічаюць выхаванцы ва ўзросце ад 5 да 17 гадоў 6-ці дзіцячых дамоў Беларусі. Яе мэта – не толькі даць дзецям магчымасць раскрыць творчыя здольнасці, але і выказаць свае мары, паверыць у тое, што яны дасягальныя. Мы, дарослыя, у сваю чаргу імкнемся паказаць, што маленькія галасы для нас важныя, праблемы дзяцей – наш клопат. Праз мастацтва ствараем прастору, дзе кожны малюнак стане гісторыяй.
На працягу лета выхаванцы Дзівінскага дзіцячага дома (а іх тут 26 чалавек) з задавальненнем выказвалі свае пачуцці з дапамогай алоўкаў і пэндзляў на паперы. 12 верасня свае тварэнні яны паказалі арганізатарам праекта, якія наведалі дзяцей з прыемнай місіяй.
На выставе было прадстаўлена больш за трыццаць работ. Удзельнікаў не сталі абмяжоўваць канкрэтнай тэмай, яны малявалі тое, што падказвала ім сэрца, што найбольш хвалявала іх у гэты час.
Твары блізкіх людзей, увагі якіх так не хапае, сяброў, малюнкі прыроды, мясціны беларускай зямлі, дзе ўжо былі або імкнуцца наведаць… Яркія колеры – знак таго, што кожны з дзяцей верыць: мары абавязкова здзейсняцца. Дзеці раскрылі перад дарослымі самае патаемнае.
Аніматары з Мінска арганізавалі цікавую праграму і на працягу гадзіны не давалі сумаваць выхаванцам. Госці таксама прывезлі дзіцячаму дому карысныя падарункі –інгалятары. Што ж датычыцца малюнкаў, то лепшыя работы з 6-ці ўстаноў будуць прадстаўлены на вялікай выставе «Мацярынства і дзяцінства», што пройдзе ў Мінску 17-19 кастрычніка.
А яшчэ малюнкі пераможцаў аздобяць паштоўкі, якія яны змогуць адправіць сваім блізкім.
Тэкст і фота Алены БАКУН
Поделиться в соцсетях: