Чт, 14 ноября 2024
Прогноз погоды

Пример тому, как противостоять огню, показали жители деревни Новосёлки

23/12/2015 Социум

Узор таму, як чалавек можа процістаяць прыроднай стыхіі – агню, паказалі жыхары вёскі Навасёлкі. У  ноч з 12 на 13 снежня адбыўся пажар у прыбудове малочнага блока малочна-таварнай фермы ААТ “Навасёлкаўскі”, матэрыяльныя страты ад якога былі мінімізаваны, дзякуючы зладжаным дзеянням чатырох чалавек.
Карціну падзей той страшнай ночы мы ўзнавілі з дапамогай саміх відавочцаў.
Для начнога вартаўніка мясцовай гаспадаркі Васіля Рогача гэта было звычайнае дзяжурства, адно з шэрагу іншых за пяцігадовы перыяд працы на гэтай пасадзе. Ад месца ўзгарання ён знаходзіўся непадалёку, у пакоі адпачынку на комплексе.
- Пачало тухнуць святло, і я выйшаў на вуліцу. З надворным асвятленнем адбывалася тое ж самае. Святло тухла і зноў загаралася. І тут я адчуў пах дыму. Выйшаў на дарогу і ўбачыў, што гарыць “малочка”. Агонь ужо перакінуўся на кароўнік, - расказвае Васіль Сцяпанавіч.
Відаць, вышэйшыя сілы сталі на бок чалавека, і вартаўнік у 2 гадзіны ночы адразу датэлефанаваўся да старшыні Навасёлкаўскага выканаўчага камітэта Валянціна Скакуна, які і выклікаў пажарную службу.
У кароўніку, на які перакінуўся агонь, размяшчалася 130 галоў жывёлы. Дзякуючы Васілю Рогачу, Валянціну Скакуну і яго сыну Фёдару, а таксама пенсіянеру Андрэю Дамброўскаму, які па-суседску падаспеў на дапамогу, літаральна за паўгадзіны ўся скаціна была эвакуіравана.  Працаваць давялося ў экстрэмальных умовах. Кароўнік быў абясточаны, жывёла, ахопленая стрэсам, раўла і перашкаджала адвязванню.
На ліквідацыю пажару з розных куткоў раёна паспяшалі 8 адзінак пажарнай тэхнікі. Не вытрымаўшы такога націску, стыхія здалася.
Што стала прычынай узгарання, пакуль невядома. Як адзначыў старшы інспектар групы прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Кобрынскага РАНС Андрэй Абрамчук, па факце пажару вядуцца следчыя мерапрыемствы.
Аб мужнасці вышэйадзначаных жыхароў вёскі Навасёлкі і да гэтай пары вядуцца размовы. Словы ўдзячнасці ў адрас герояў выказаў і кіраўнік гаспадаркі – выконваючы абавязкі старшыні ААТ “Навасёлкаўскі” Андрэй Самасюк.
За праяўленую адвагу, правільныя дзеянні пры пажары непасрэдныя ўдзельнікі падзей той страшнай ночы былі ўзнагароджаны граматамі Кобрынскага райвыканкама.
Людміла Дубіна
На здымку: (злева направа) Андрэй Дамброўскі,  Андрэй  Абрамчук, Васілій Рогач, Валянцін Скакун.
Фота аўтара

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу