Пт, 08 ноября 2024
Прогноз погоды

Приятно жить в европейском городе - Кобрин

28/09/2015 Благоустройство Время реальных дел

Кожнаму чалавеку хочацца жыць у прыгожым, добраўпарадкаваным населеным пункце. Але чалавек да добрага прывыкае вельмі хутка і ўжо не задумваецца, што можа быць інакш. А варта азірнуцца назад усяго на якіх-небудзь 20 гадоў, і прыходзіць разуменне зменлівасці жыцця, прычым у добрым напрамку.
Цяперашні Кобрын - прыгожы, добраўпарадкаваны еўрапейскі горад. І гэта заўважаюць не толькі кабрынчане, але і госці. Значныя змены ў яго знешні выгляд і інфраструктуру прыйшлі ў сувязі са святкаваннем рэспубліканскага фестывалю-кірмашу працаўнікоў вёскі “Дажынкі”, які ў 2009 годзе прымаў Кобрын.
Тады літаральна за год горад набыў новае аблічча, а кабрынчане ўвачавідкі маглі назіраць, як растуць новыя аб’екты, без якіх сёння мы ўжо не ўяўляем свайго жыцця. Лядовая арэна, вяслярная база, аквапарк, амфітэатр, Палац культуры - тут любяць бавіць час як дзеці, так і дарослыя. Прыгожая набярэжная і кобрынскі “Арбат” (вул. Суворава) асабліва палюбіліся моладзі, а з’явіўшаяся сёлета альтанка буккросінгу стала ўнікальнай інтэлектуальнай фішкай нашага горада.
Тыя, хто апошні раз наведваў Кобрын яшчэ да “Дажынак”, цяпер не пазнаюць яго: некалі шэрыя дамы радуюць вока яркімі колерамі. Штогод з вясны і да позняй восені дораць сваю непаўторную прыгажосць і цудоўны водар кветкі. А сёлета прывычныя кветнікі на многіх цэнтральных вуліцах ўступілі месца малым архітэктурным формам і габіёнам. Гэта не толькі надало гораду новы выгляд, але і дазволіла эканоміць сродкі па падтрымцы парадку на зямлі.
Але не толькі “Дажынкі” пачалі мяняць Кобрын. Проста ў час падрыхтоўкі да гэтага свята змены былі найбольш каласальнымі і хуткімі. На памяць прыходзіць, як яшчэ ў пачатку 2000-х гадоў мянялася тратуарная плітка: замест буйнагабарытнай з’яўлялася дробнаштучная. Першай ластаўкай у прымяненні новай тэхналогіі стала вуліца Пушкіна. Паступова каляровыя ўзоры пад нагамі з’явіліся і на ўсіх цэнтральных вуліцах горада.
Клапоцяцца ў Кобрыне не толькі пра пешаходаў, але і вадзіцеляў аўтамабіляў. У час падрыхоўкі да ўсё тых жа “Дажынак” было пракладзена каля 120 кіламетраў новага асфальту. Работа ў гэтым накірунку, як, дарэчы, і ў астатніх, працягваецца і дагэтуль. Вялікі дзякуй хочацца сказаць кіраўніцтву і работнікам СТАА “ВП Палессе”, дзякуючы якім частка вуліцы Мікалаева была зроблена па ўсіх еўрапейскіх стандартах, з прымяненнем навейшых сучасных тэхналогій, і стала гонарам Кобрына.
Не застаецца ў баку ад увагі дарожнікаў і сектар асабістай забудовы. Паступова асфальтабетон з’яўляецца і там, але не ўсюды адразу. Тым не менш ва ўсіх прыватных кварталах забяспечана як мінімум пясчана-гравійнае пакрыццё вуліц, так што да любой новабудоўлі пракладзены пад’язныя шляхі. Тое ж датычыцца і шматкватэрных дамоў.
Пасля “Дажынак” у Кобрыне прыступілі да асваення двух новых мікрараёнаў: па вуліцах Дзяржынскага і Дружбы. На першай - здаецца ўжо дзявяты дом, а на другой - уведзены ў эксплуатацыю 3 дамы. Не адстае ад новабудоўляў і развіццё добраўпарадкавання каля іх. У дастатковай колькасці месцы для паркавання, дзіцячыя пляцоўкі і пляцоўкі для збору другасных матэрыяльных рэсурсаў.
Што датычыцца апошняга, то Кобрын – узорна-паказальны горад нават у межах рэспублікі. Дзякуючы аднаму з экалагіных праектаў ЕС/ПРААН у нас з’явіліся станцыя сартавання цвёрдых камунальных адходаў, новенькія кантэйнеры для агульных адходаў і паасобнага збору смецця. Такім чынам, вырабам са шкла, пластыку і паперы надаецца другое жыццё, бо яны ідуць на перапрацоўку. А гэта карысна як у эканамічным, так і ў экалагічным сэнсе. Работа вядзецца не толькі ў горадзе, але і ў аграгарадках.
Дарэчы, апошнія маюць усю неабходную для камфортнага жыцця інфраструктуру, улічваючы і якасць дарог. Шмат чаго зроблена і робіцца і для таго, каб паміж населенымі пунктамі пракласці асфальтабетоннае пакрыццё.
Галоўным пытаннем як у горадзе, так і на сяле заўсёды было жыллё. Дзяржава паклапацілася і аб вырашэнні гэтай праблемы. У рамках Прэзідэнцкай праграмы будавання жылля на сяле на Кобрыншчыне з’явілася шмат новых дамоў, а гэта, у сваю чаргу, забяспечвае стабільнасць колькасці насельніцтва ў аграгарадку і спрыяе замацаванню маладых спецыялістаў.
Вяртаючыся да славутых “Дажынак”, немагчыма не адзначыць, што ў час падрыхтоўкі да іх была праведзена цеплавая рэабілітацыя жылых дамоў. Гэты працэс не скончыўся і сёння. Кожны год пад капітальны рамонт на тэрыторыі раёна падпадаюць 3-4 шматкватэрныя дамы. На некаторых з іх праводзіцца цеплавая рэабілітацыя, а таксама замена цеплавых сетак. Так што паступова ўвесь горад будзе “пераапрануты” ў новае “футра” і набудзе абноўленыя камунікацыі.
Аднак рамантуецца не толькі жыллёвы сектар. Гэты працэс не абмінае і іншыя будынкі рознага прызначэння. А дзякуючы рамонту на станцыі абезжалезвання пітная вада ў горадзе стала больш якаснай.
Падтрыманнем парадку на вуліцах Кобрына мы ўсе абавязаны працаўнікам ЖКГ. Гэта яны штодзень стаяць на абароне чысціні і прыгажосці ў кожным двары горада. Больш за тое, у наш час ім на дапамогу прыходзіць тэхніка: вулічны пыласос маркі “Брадвей” ужо нікога не здзіўляее.
Пра тое, якім прыгожым і ўтульным стаў Кобрын, можна распавядаць бясконца. Тым больш, што мы кожны дзень увачавідкі назіраем за гэтым.
Наталля НІЖНІК.
Фота з архіва рэдакцыі.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу