У старшыні райвыканкама Аляксандра Зазулі не кабінетны стыль работы. На службовым аўтамабілі ўздоўж і ўпоперак кіраўнік раёна праязджае тэрыторыю Кобрыншчыны, нярэдка бывае нават у самых аддаленых кутках, вывучае спектр вострых пытанняў, імкнецца паглыбіцца ў праблемы людзей. У чарговым інтэрв’ю газеце “Кобрынскі веснік” Аляксандр Іванавіч расказаў аб тым, з якімі вынікамі раён спрацаваў у першым паўгоддзі 2015 года, якія задачы давядзецца вырашаць у бліжэйшай перспектыве.
- Аляксандр Іванавіч, мінулы год выдаўся паспяховым для сельскай гаспадаркі. Ахарактарызуйце, калі ласка, сёлетні стан спраў у гэтай найважнейшай для нашага раёна галіне.
- Адразу ж адзначу, што пачынаўся бягучы год не толькі для Кобрыншчыны, але і для ўсёй краіны, у вельмі няпростых эканамінчых умовах. Хістанні і хваляванні на валютным і нафтавым рынках у Расіі адгукнуліся і на нашых прадпрыемствах і арганізацыях, у тым ліку і сельскагаспадарчых. Тым не менш, мабілізаваўшы ўсе матэрыяльныя, тэхнічныя і людскія рэсурсы, аграрнікам Кобрыншчыны ўдалося на належным узроўні выканаць неабходны спектр агратэхнічных мерапрыемстваў для таго, каб ураджай 2015 года быў годным.
Істотныя карэкціроўкі ў агульны вынік унеслі кліматычныя ўмовы. Адсутнасць спрыяльнага ўзроўню вільгаці ў глебе панізіла ўраджайнасць збожжавых культур з 37 цэнтнераў з гектара летась да 35 центнераў сёлета. Усяго ж збожжавы клін сфарміраваўся на плошчы ў 30000 га. У гэтыя спякотныя дні імкнемся рацыянальна выкарыстоўваць кожную хвіліну, каб сабраць “золата палёў” своечасова і без страт. Дарэчы, сёлета ў самым пачатку ўборачнай кампаніі Кобрыншчына прымала ўдзельнікаў абласнога тэматычнага семінара-нарады на чале са старшынёй аблвыканкама Анатолем Лісам. Вынік гэтага мерапрыемства быў прадыктаваны сучаснымі рэаліямі - “падарункаў” ад прыроды чакаць не прыйдзецца. Таму мясцовым аграрнікам давядзецца па максімуме прымяніць усе свае веды, майстэрства і вопыт, каб па валавым намалоце збожжа наблізіцца да ўзроўню мінулага года (100 тыс. тон – Р. М.).
З задавальненнем адзначу, што раён у належных аб’ёмах забяспечаны травяністымі кармамі (8 кармавых адзінак на адну ўмоўную галаву). Шмат гаспадарак нарыхтавалі зялёныя кармы зверх даведзеных заданняў. На жаль, травы другога ўкосу ў выніку засухі былі атрыманы толькі ў некалькіх гаспадарках. Асноўную стаўку робім на сяўбу пажніўных культур, кукурузу, займаемся перазалужэннем. Перакананы, гэтыя мерапрыемствы будуць мець свой эфект.
Хочацца шчыра падзякаваць аграрнікам раёна за выкананне задання па тэмпах росту валавага надою малака на адну карову, які склаў 107 працэнтаў. Добрыя вынікі дэманструюць спецыялісты з ААТ “Гарадзец-агра”, СВК “Дружба народаў”, ДСУП “Сельгас-Павіцце”, ААТ “Днепра-Бугскае”, дзе таварнасць малака дасягае 95 працэнтаў. А СВК “Узыходзячая зара” і ЗТАА “БісолаГабрыэлеФарм” наогул рэалізуюць дзяржаве амаль сто працэнтаў малака класам “экстра”. Як можна пераканацца, мяжы для дасканаласці не існуе.
Пазітыўныя зрухі назіраюцца ў мясной галіне. Сёлета пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў раёне надзейна зафіксавалася на адзнаке ў 19,3 тыс. галоў. Першарадная задача – планамерна павялічваць дойны статак. Тым больш, што гэта дазваляе рабіць і наяўнасць рэканструяваных малочнатаварных фермаў з сучасным даільным абсталяваннем. Чакаецца, што сёлета пагалоўе прырасце яшчэ на тысячу цялят у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У перспектыве плануецца вызначыць цэнтрам мясной жывёлагадоўлі племзавод “Дружба”. Тым больш, што дзякуючы падтрымцы раённага і абласнога выканаўчых камітэтаў, шэрага гарадскіх прадпрыемстваў у гэтай гаспадарцы створана ўся неабходная тэхналагічная і навуковая база, адрамантаваны вытворчыя карпусы, ёсць адгонная паша. У цэлым жа валавы тэмп росту прадукцыі сельскай гаспадаркі за 6 месяцаў 2015 года склаў 105,6% да ўзроўню мінулага года пры плане ў 103%.
- На Кобрыншчыне назіраюцца глабальныя метамарфозы ў структуры гаспадарак. Яны аб’ядноўваюцца ў аграхолдынгі. Наколькі гэта мэтазгодна?
- Сапраўды, і сёлета гэтыя пераўтварэнні актыўна працягваюцца. Так, напрыклад, на базе СВК “Вербнае” створана новая арганізацыя – ТАА “Кантры Мілк”, дзе кіруе справамі брэсцкі інвестар. Калі спачатку эфектыўнасць работы новага гаспадара выклікала нямала пытанняў, то сёлета мы канстатуем станоўчыя факты. Ураджайнасць збожжавых культур тут складае 34,6 цэнтнера з гектара. Наведзены належны парадак у жывёлагадоўлі, кадравай палітыцы, павысілася культура земляробства, актыўна ўкараняюцца новыя тэхналогіі ў сельскую гаспадарку, мадэрнізуецца і будуецца вытворчая інфраструктура. Хочацца пажадаць, каб станоўчая тэндэнцыя захоўвалася і далей.
Не выклікае нараканняў і работа ААТ “Мінянка” (былое падраздзяленне ААТ “Кобрынрайаграсэрвіс”), былога СВК “Верхалескі”, які далучыўся да СВК “Раданежскі”, СВК “Каралеўскі”, які ўзяў “пад сваё крыло” кіраўнік ААТ “Гарадзец-агра” Іван Цецярук. Ведаеце, працоўныя калектывы далучаных гаспадарак атрымалі зарад аптымізму, надзею на добрую будучыню, і, адпаведна, вынікі іх працы сталі лепшымі.
Трэба адзначыць, што мясцовая аграрная галіна з’яўляецца вельмі прывабнай для патэнцыяльных інвестараў. У нас ёсць у наяўнасці ўся неабходная інфраструктура, камунікацыі, людскія рэсурсы, добрыя землі, перапрацоўчы комплекс. Мы гатовыя разгледзець любыя канструктыўныя прапановы ад сур’ёзных бізнес-партнёраў.
Падводзячы лагічную рысу пад гэтай тэмай, мне вельмі хочацца, каб у менталітэце некаторых кіраўнікоў гаспадарак і працоўных калектываў раз і назаўсёды знікла вядомае паняцце “усё вакол калгаснае, усё вакол маё”. Кожны грамадзянін павінен глыбока ўсвядоміць, што ад яго ўкладу ў агульную скарбонку дасягненняў залежыць вынік работы ўсяго раёна, кожнага з яго звёнаў. Пакуль у арганізацыі не выкараняцца п’янства на рабочых месцах, безгаспадарчасць, паталагічнае нежаданне працаваць – там не будзе парадку. Я веру справам, а не пустым абяцанням.
- Якія праблемы ў кантэксце існуючых эканамічных рэалій назіраюцца ў прамысловым комплексе Кобрыншчыны?
- Як і летась, на прадпрыемствах Кобрына ёсць складанасці з выкананнем дагаворных абавязацельстваў па разліках за рэалізаваную прадукцыю паміж суб’ектамі гаспадарання. У выніку канстатуецца вымыванне ўласных абаротных сродкаў у дэбіторскую запазычанасць, узнікае неабходнасць карыстацца дарагімі крэдытамі. Маральная і фізічная зношанасць асноўных сродкаў, высокая затратнасць вытворчасцяў, недастатковы ўзровень рэалізацыі тавараў на экспарт… Гэтыя і іншыя фактары негатыўна ўплываюць на канкурэнтаздольнасць выпускаемай прадукцыі.
Што ж датычыцца лёсу найбольш вядомых прадпрыемстваў Кобрыншчыны, напрыклад, ААТ “Салеа-Кобрын”, КІЗ “СІТОМА”, ПТФ “Ручайка”, швейнай фірмы “Лона”, ЗТАА “Лангхайнрых Канфекцыён Бел”, то, нягледзячы на фінансавыя абставіны, гэта па-ранейшаму неад’емныя і важныя суб’екты эканомікі раёна. На гэтых прадпрыемствах выпускаюць вельмі запатрабаваную прадукцыю. Па стане на 1 ліпеня 2015 года, на адзначаных прадпрыемствах працаўладкавана 1559 грамадзян. А вытворчасць “Лангхайнрых Канфекцыён Бел” забяспечвае занятасцю 110 сельскіх жыхароў. Іншая справа, наколькі прадукцыя гэтых прадпрыемстваў здольная годна канкурыраваць на ўнутраным і знешнім рынках. І калі якасць кобрынскіх тавараў на вышыні, то іх кошт – “балючая пытанне”, над якім яшчэ давядзецца шмат працаваць. А як жа гэта магчыма, калі, напрыклад, на мясцовых флагманах металаапрацоўкі - КІЗ “СІТОМА” і ААТ “Салеа-Кобрын” - выкарыстоўваецца некаторае абсталяванне яшчэ з сярэдзіны мінулага стагоддзя?
Кіраўнікі прадпрыемстваў добра ўсведамляюць, што ў сучасных умовах працаваць “на склад” бесперспектыўна. Менавіта таму важна развіваць маркетынг, які працуе пакуль не так, як хацелася б. Тым не менш, кобрынскімі вытворцамі ўжо дасягнуты сур’ёзныя вынікі ў рабоце. Сёлета асвоены новыя рынкі збыту ў Францыі, Малдове, ЮАР, Кот-д’Івуары, Трынідадзе і Табага, Румыніі, Уругваі і Мальце. Узноўлены пастаўкі тавараў у Балгарыю і Грузію. Ажыццяўляецца актыўны пошук новых пакупнікоў і ў Расіі, якая з’яўляецца нашым асноўным гандлёвым партнёрам. Напрыклад, пробная партыя прадукцыі ААТ “Салеа-Кобрын” пастаўлена на ЗАТ “Пецярбургскі трактарны завод”.
З задавальненнем адзначу, што чатыры прадпрыемствы Кобрыншчыны выпускаюць інавацыйную прадукцыю. Найбольшую колькасць найменняў такіх тавараў – 35 пазіцый – налічваецца на КІЗ “СІТОМА”. Вядзецца работа па вытворчасці імпартазамяшчальнай прадукцыі на СП “Калор” ТАА, Кобрынскім хлебазаводзе, ПТФ “Ручайка” і інш.
Планава вядзецца мадэрнізацыя вытворчасці. Так, завершаны мантаж новай лініі па выпуску сыроў магутнасцю 30 тон у суткі на ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод”, уведзены цэх па вытворчасці гофракардону на плошчы каля 5 тыс. кв. метраў на ЗТАА “Велпак-Кобрын”, запланаваны і іншыя перспектыўныя праекты.
- А што робіць улада для паляпшэння інвестыцыйнага клімату на Кобрыншчыне?
- Пры Кобрынскім райвыканкаме дзейнічае адпаведная рабочая група. У межах рэалізацыі прынцыпу “адно акно” ў адміністрацыйным будынку райвыканкама размешчана поўная даведачная інфармацыя для патэнцыяльных інвестараў. Практыкуецца перадача аб’ектаў нерухомасці, якія знаходзяцца ва ўласнасці Кобрынскага раёна, у прыватную ўласнасць для реэалізацыі адпаведных інвестыцыйных праектаў, а таксама перадача аб’ектаў ў бязвыплатнае карыстанне і продаж за адну базавую велічыню ўзамен на выкананне абавязацельстваў па стварэнні рабочых месцаў і прадпрымальніцкай дзейнасці.
Трэба заўважыць, што ў апошні час інтарэс інвестараў да Кобрынскага раёна ўзмацніўся. Так, ЗАТ “Агенцтва прамых інвестыцый” (г. Масква) разглядае Кобрынскі раён як пляцоўку для будаўніцтва нафтаперапрацоўчага завода паліўнага профілю. Разглядаецца пытанне інвесціравання ў будаўніцтва агароднінасховішча з лініяй глыбокага замарожвання, вырошчвання рыбы ў басейнах, вытворчасці па перапрацоўцы расійскага лесу і інш. У раёне функцыянуе каля 50 суб’ектаў гаспадарання, створаных з удзелам замежных інвестараў. У эканоміку раёна сёлета паступіла 3,8 млн. долараў ЗША інвестыцый ад замежных інвестараў, у тым ліку прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове – 1,6 млн. долараў.
- Нашы чытачы цікавяцца, як вядуць свае справы на Кобрыншчыне так званыя гандлёвыя сеткі?
- У раёне функцыянуюць гандлёвыя аб’екты сеткавых кампаній: ТАА “Еўрагандаль”, “Файф Рітэйл”, “Мегатоп над Бугам”, “Парфюм Трэйд”, ЗТАА “Карыабутак”, ПГУП “ЗахадХімГандаль”, ААТ “Белювеліргандаль”. Ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі прадпрыемствы гандлю змагаюцца за свайго пакупніка, імкнуцца быць унікальнымі прадаўцамі: пашыраюць асартымент тавараў, узважана падыходзяць да цэнавой палітыкі, арганізоўваюць распродаж тавараў са зніжэннем гандлёвых надбавак і скідкамі ад вытворцаў. На жаль, прыход на Кобрыншчыну гандлёвых сетак паўплываў на адрост долі продажу айчынных тавараў у рознічным тавараабароце, але па гэтым накірунку працуюць спецыялісты, і сітуацыя знаходзіцца пад кантролем дзяржавы.
Адкрыццё новых супер- і гіпермаркетаў сёлета не плануецца. Запланавана будаўніцтва супермаркета ЗАТ “Юніфуд” гандлёвай плошчай не менш 1000 кв. метраў на перакрыжаванні вуліц Паркавай і Дружбы ў г. Кобрыне. Але тэрміны рэалізацыі праекта пакуль што не вызначаны.
- Аляксандр Іванавіч, напэўна, ёсць праблемныя пытанні і ў сацыяльнай сферы, якія знаходзяцца на Вашым пастаянным кантролі?
- Несумненна. Нават у складаных эканамічных рэаліях сёлета нам удалося пабудаваць новы ФАП у в. Лелікава, завершана рэканструкцыя цэнтральнага стэрылізацыйнага аддзялення і клініка-дыягнастычнай лабараторыі ў раддоме. У планах - устанавіць у дзіцячым аздараўленчым лагеры “Хваля” гелеаводанагравальнікі, якія падсілкоўваюцца ад сонечнай энергіі, адрамантаваць дах у дзіцячай школе мастацтваў, уладкаваць там пандус.
Мы шукаем законныя шляхі для павышэння заработнай платы спецыялістам сацыяльнай сферы, асабліва ў медыцыне, культуры, адукацыі. На жаль, рэальнага рэзерву, каб гэта зрабіць, у раёне пакуль няма. Нямала праблем з прадастаўленнем першага рабочага месца маладым спецыялістам. Але, спадзяюся, сітуацыя паступова выправіцца да лепшага. Мяне турбуе распаўсюджванне шкодных звычак сярод кабрынчан. Асабліва балюча, калі гэтыя негатыўныя з’явы падхоплівае моладзь. Алкаголь – гэта самы масавы і лёгкадаступны наркотык, які, паводле статыстыкі, “забірае” ў дзясяткі разоў больш жыццяў людзей, чым іншыя наркатычныя рэчывы. А колькі людзей у выніку злоўжывання спіртнымі напоямі становяцца інвалідамі, колькі жыццяў ламаецца! Выйсце з сітуацыі простае: трэба ў сямейным асяроддзі, дзіцячым садзе, школе, каледжы, ВНУ ўкараніць комплексную і дзейсную сістэму антыпрапаганды шкодных звычак. Мяркую, што ўсё ж такі на ўзроўні дзяржавы варта пераняць еўрапейскі вопыт і паспрабаваць гандляваць алкаголем на ўскрайку горада і па высокіх цэнах.
На жаль, за першае паўгоддзе 2015 года мясцовы бюджэт атрымаў усяго толькі 65,4 тыс. долараў ЗША ад экспарту турыстычных паслуг. Гэта вельмі сціплы паказчык. Трэба больш актыўна і мэтанакіравана прасоўваць імідж Кобрына як еўрапейскага брэнда. Сёлета наш горад атрымаў сімвал гарадоў-пабрацімаў, альтанку буккросінгу. Увазе турыстаў мы можам прапанаваць свята гульні і цацкі, парк імя А.В. Суворава, экспазіцыі аднайменнага музея, прамысловы і аграэкатурызам і яшчэ шмат чаго цікавага, што сапраўды з’яўляецца візітнай карткай нашага горада. Сумесна з СТАА “ВП Палессе” плануем рэалізаваць забаўляльны праект “Палессе-лэнд” для бацькоў і дзяцей далей працягваць рэалізацыю праекта “Зімовая казка ў г. Кобрыне”, а таксама многія гісторыка-культурныя каштоўнасці Кобрына забяспечыць QR-кодам, які дазволіць пры дапамозе андроід-смартфонаў ці планшэтаў за секунды даведацца аб іх прызначэнні.
Мяне як беларуса хвалюе пытанне папулярызацыі роднай мовы, культуры і гісторыі. А пачынаць трэба з сябе, сваёй сям’і, асяроддзя. Некаторыя пытанні на пасяджэнні райвыканкама, пачынаючы з гэтага года, абмяркоўваем з калегамі на беларускай мове. Ведаеце, калі заходзіць гаворка пра гэтую тэму, узгадваюцца філасофскія радкі паэта Ніла Гілевіча з яго “Сказа пра лысую гару”:
“А іх “рабяты” і “рабёнкі”
Бацькоў не ўмелі прачытаць…”
Згадзіцеся, ёсць над чым задумацца.
- Многія нашы чытачы адзначаюць, што Кобрын стаў больш прывабным і сучасным. Што для гэтага робіцца ўладай і ўсімі зацікаўленымі структурамі і ведамствамі?
- На жаль, не кожны грамадзянін разумее, што, напрыклад, аплата льготных медыкаментаў насельніцтву - больш важнае пытанне, чым адсутнасць кветкавай клумбы на звыклым месцы ці няскошаная трава на газоне. З’яўляюцца новыя элементы добраўпарадкавання, якія таннейшыя за звыклыя. Напэўна, гараджане заўважылі, што паменшылася колькасць свяцільняў на другарадных дарогах, і інш. Мы лічым грошы. І гэта, безумоўна, рэаліі цяперашняга часу. Імкнемся максімальна задзейнічаць будаўнічыя матэрыялы мясцовай вытворчасці. Напрыклад, пры ўладкаванні аўтастаянкі ў мікрараёне па вул. Дзяржынскага выкарысталі плітачнае пакрыццё, якое танней і больш эфектыўней за асфальтавае. Ажыццяўляецца шырокі спектр будаўнічых работ у новых кварталах жылой забудовы па вул. Паўночнай, Палявой і Штабной. Сёлета плануецца правесці тут электрычнасць. Паспяхова закончана будаўніцтва адрэзка шляху з гравійна-эмульсійнай сумесі ў в. Яромічы, паміж аграгарадком Кісялёўцы і вёскай Балоты, газіфікавалі в. Камень. Пачынаецца будаўніцтва газаправода да аграгарадка Тэўлі, асфальтавай дарогі да в. Кустовічы з боку трасы М1, з агр. Навасёлкі на агр. Дзівін і інш. У горадзе ажыццяўляецца пракладка каналізацыі ў завулку Вішнёвым, а таксама ў раёне Паляўнічага завулка. Дарэчы, у Кобрын нават прыязджалі спецыялісты з г. Горкі, каб пераняць пазітыўны вопыт сумеснага з насельнцітвам будаўніцтва інжынерных сетак і каналізацыі.
Хочацца, каб у некаторых жыхароў Кобрыншчыны нарэшце зніклі ўтрыманскія пазіцыі. Прасцей за ўсё сядзець на канапе і дамагацца навядзення чысціні ў пад’ездзе ці каля дома. Сэрца трымціць, калі бачу варварскае стаўленне моладзі да прыгажосці горада. Напрыклад, моцна пашкоджаная электрычная падстанцыя ў мікрараёне па вул. Дружбы. Чаму б бацькам не ўзяцца за выхаванне дзяцей? І толькі пасля ўнушальных штрафаў чамусьці прыходзіць балючае разуменне сваіх паводзін: навошта ж было дарэмна распускаць рукі?.. Але я дакладна ведаю, што на Кобрыншчыне жывуць працавітыя, культурныя і неабыякавыя людзі, якія любяць сваю малую радзіму і гатовы дзеля яе на шчырую, самаадданую працу. А значыць, у нас усё атрымаецца!
Раман МЕЛЬНІК.
НА ЗДЫМКУ: Аляксандр Зазуля і дырэктар ААТ “Гарадзец-агра” Іван Цецярук.
Фота Дзмітрыя Бялова.