Дзяржаўны заказ на збожжа – залог харчовай бяспекі краіны. Для Кобрынскага раёна ў гэтым годзе план нарыхтоўкі складае 8 тыс. 875 т. Першая машына новага ўраджаю ў ААТ «Брэстаблхлебапрадукт» Кобрынскі вытворчы ўчастак 20 ліпеня прыйшла з ААТ «Раданежскае».
Першую машыну жыта новага ўраджаю ў вадзіцеля Віталя Салея прымаюць Святлана Іванушка (справа) і старшы майстар Святлана Гарустовіч
-Плануем нарыхтаваць у тым ліку 4 тыс. т харчовай пшаніцы, 3 тыс. 650 т харчовага жыта, 250 т ячменю, 420 т аўса, 50 т проса і 505 т грэчкі, – расказвае начальнік Кобрынскага вытворчага ўчастка Віктар Балабушка. – Інфраструктура падрыхтавана, выкананы капітальныя рамонты рабочай вежы і пагрузачнага абсталявання на чыгунцы, калектыў укамплектаваны – да прыёму збожжа гатовы.У гэтым годзе першым з першых стаў вадзіцель ААТ «Раданежскае» Віталь Салей, які прывёз на Кобрынскі вытворчы ўчастак 28 т жыта. На ўездзе на ўчастак адбіраюцца пробы збожжа, якія будуць даследавацца па шэрагу паказчыкаў. Аднак, як адзначыла намеснік начальніка вытворча-тэхналагічнай лабараторыі Святлана Іванушка, першыя ўражанні ад хлеба новага ўраджаю добрыя – збожжа чыстае, сухое, мае належныя водар і колер.
Пасля адбору проб і працэдуры ўзважвання цяжкая машына едзе да транспарцёра – адкрываецца борт і залатыя рэкі збожжа цякуць у засекі краіны. Старт выкананню дзяржаўнага заказа дадзены – будзем з хлебам. Цяпер галоўнае, каб аграрыяў не падводзіла надвор’е.
Дзмітрый БЯЛОЎ.ФотА: ДЗмітрый Бялоў
Поделиться в соцсетях: