Прогноз погоды
Вс, 13 июля 2025

Паказалі сябе найлепшым чынам

28/02/2018

Для ўдзельнікаў узорнай вакальнай студыі “Крыніца”  Кобрынскага раённага цэнтра дзіцячай творчасці кожнае выступленне адзначаецца моцнымі ўражаннямі, якія за майстэрскае выкананне песень яны атрымліваюць ад удзячных гледачоў.  Вось і ўдзел у І адкрытым рэспубліканскім конкурсе юных вакалістаў, што праходзіў у рамках фестывальнага праекту «Zvezдочет» з 9 па 11 лютага ў Магілёве, падарыў  11  крынічанам-канкурсантам незабыўныя эмоцыі.

Выступленні на вялікай сцэне для ўдзельнікаў “Крыніцы”  - з’ява нярэдкая.  Юныя артысты актыўна ўдзельнічаюць у разнастайных песенных конкурсах і фестывалях, што, па словах кіраўніка калектыву Аксаны Амельянюк, дае дзецям добры вопыт.  Пра конкурс у Магілёве  вакалісты “Крыніцы” даведаліся з сеткі інтэрнэт, і адразу падалі заяўку - асаблівую цікавасць да фестывалю выклікала тое,  што ў якасці суддзяў выступалі людзі, якія атрымалі прызнанне  на высокім узроўні: фіналісты телепраектаў  “Х фактар”, “Еўрабачанне”, “Голас”.

- Удзельнічаць у конкурсе, у якім вядзецца адкрытае галасаванне,  безумоўна,  складана.  Адна справа, калі артыст выступае і завочна  атрымлівае ацэнку,  і зусім іншая, калі цябе судзяць адразу на сцэне, - дзеліцца ўражаннямі Аксана Яўгеньеўна.  – Нашы дзеці – малайцы. Паказалі сябе найлепшым чынам.

Конкурс  праводзіўся ў намінацыях “Вакал” (эстрадны, акадэмічны, джазавы) і “Вакал народны”.   Вакальная група ў складзе  Ксеніі Швед, Анастасіі Верамейчык, Ірыны Амельянчук і Анастасіі Давідзюк ва ўзроставай  катэгорыі 12-13 гадоў  за песню “Ды ў святліцы” была адзначана  дыпломам І ступені. Для Ксеніі Швед  фестываль стаў сапраўды зорным:

высокую ацэнку журы  – дыплом ІІ ступені - яна атрымала за выкананне раманса “Зорка”.  За сольнае выступленне з песняй “Афганскі вальс” спецыяльным прызам “За волю да перамогі” была заахвочана і Ірына Амельянчук.  Упершыню адчула азарт ад выхаду на вялікую сцэну дзевяцігадовая Кацярына Марчук, і хоць у лік пераможцаў дзяўчынка не ўвайшла, яе выступленне члены журы ацанілі высокім балам.

- Канкурэнцыя была даволі высокая. Калі першапачаткова фестываль планаваўся на адзін дзень, то з-за вялікай колькасці заявак падоўжыўся на тры,- расказвае Аксана Яўгеньеўна. Разам з кабрынчанамі на сцэне выступалі вакалісты з Мінска, Калінкавічаў, Брэста, Мазыра і іншых гарадоў Беларусі. 

 

 

Людміла ДУБІНА.

 

Поделиться в соцсетях: