Трэці год запар Беларускі прафсаюз АПК разам з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання праводзяць акцыю “Наш жывёлавод” з мэтай ушанаваць лепшых работнікаў, падзякаваць ім за штодзённую цяжкую працу.
Як адзначыў старшыня Кобрынскага райкама прафсаюза работнікаў АПК Васіль Лазарчук, крытэрыямі для вызначэння лідараў былі як паказчыкі па здачы малака, так і зладжанасць калектыву, яго жаданне працаваць на вынік.
У бытавым памяшканні малочнатаварнай фермы “Плянта” ААТ “Астромічы” Васіля Лазарчука, старшыню гарадскога аб’яднання прафсаюзаў Алега Гангала і загадчыка сектара па жывёлагадоўлі ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Кобрынскага райвыканкама Таццяну Курыловіч з хваляваннем чакалі работнікі фермы.
Тут 1200 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх амаль 500 – дойны статак. Загадчык фермы Любоў Казакова, якая 30 гадоў працуе ў сельскай гаспадарцы, расказала, што калектыў, які налічвае 18 чалавек, за апошнія гады дасягнуў добрых вынікаў: 90% малака ідзе класам экстра, а трэці год запар ферма надойвае больш за 6 тыс. кг малака на адну карову, за мінулы год гэтая лічба склала 6100 кг.
Аператары машыннага даення тут атрымліваюць заработную плату амаль па 800 рублёў, і, як адзначыў дырэктар гаспадаркі Васіль Трошка, чым больш будзе малака класам экстра, тым больш будзе даплата работнікам ад гаспадаркі (розніца паміж коштам за 1 тону малака класам экстра і вышэйшага гатунку складае 50 рублёў).
Васіль Лазарчук уручыў Любові Казаковай Ганаровы дыплом за вялікі ўклад калектыву ў развіццё жывёлагадоўлі, стварэнне належных сацыяльна-бытавых умоў працы, а таксама прэмію ў памеры 250 рублёў.
Жывёлаводы змаглі задаць гасцям хвалюючыя пытанні, абмеркаваць надзённыя справы. Як адзначыла Таццяна Курыловіч, малочнатаварная ферма “Плянта” – адна з найлепшых у раёне па сацыяльна-бытавым добраўпарадкаванні.
З віншавальнай місіяй завітала дэлегацыя на малочнатаварную ферму “Мінянка” ААТ “Пакроўскі”, дзе Васіль Лазарчук уручыў ганаровы дыплом калектыву. Як расказала загадчык фермы Святлана Астапук, на ферме амаль 1100 галоў буйной рагатай жывёлы, з якіх 610 – дойны статак, 70% малака ідзе класам экстра.
Святлана Іванаўна на ферме нядаўна – больш за год, але з калектывам, які складае 23 чалавекі, прыкладвае ўсе намаганні, каб быць у ліку лепшых. Як адзначыў дырэктар гаспадаркі Яўгеній Нічынгер, па выніках мінулага года надой на адну карову склаў 5600 кг малака.
Акцыя “Наш жывёлавод” толькі пачалася – усяго да 1 красавіка віншаванні атрымаюць 12 калектываў розных ферм.
Людміла ПАШКОВІЧ.
Поделиться в соцсетях: