У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 05.02.2018 г. №51 за шматгадовую плённую працу, высокі прафесіяналізм, значны асабісты ўклад у развіццё аграпрамысловага комплексу. сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці, дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў трактарыст-машыніст ААТ “Гарадзец-агра” Аляксандр Заноўскі быў узнагароджаны медалём “За працоўныя заслугі”.
Як адзначае сам Аляксандр Аляксеевіч, пашана да працы на зямлі перадалася яму ад бацькоў, якія выхоўвалі хлопца ў атмасферы павагі да долі хлебароба. Таму асаблівых ваганняў пры выбары жыццёвага шляху не было – пасля школы Аляксандр пайшоў у механізатары. Пачынаў у СВК “Дружба народаў”, адкуль, як і старшыня гаспадаркі Іван Цецярук, перайшоў у ААТ “Гарадзец-агра”. Тут ён хутка заваяваў павагу калектыву, атрымаў рэпутацыю высокакласнага спецыяліста і надзейнага таварыша. Ад нядаўняй паездкі ў Мінск у складзе дэлегацыі Брэсцкай вобласці на цырымонію ўрачыстага ўшанавання перадавікоў аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь засталіся самыя яркія ўражанні.
- Такое маштабнае мерапрыемства з удзелам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – гэта не толькі вялікая пашана да ўсіх аграрыяў, але і прыклад таго, што працаваць на сваёй зямлі ў нашай краіне – годная і пачэсная справа, - адзначае Аляксандр Заноўскі. – Выдатныя ўспаміны пакінула і наведванне Вялікага тэатра оперы і балета. Вельмі прыемна, што ў нашай Беларусі значнасць сельскагаспадарчай працы падкрэсліваецца на такім высокім узроўні
Працы для добрага механізатара у ААТ “Гарадзец-агра” хапае заўсёды – неўзабаве пачнецца вясенняя сяўба. На момант нашага візіту Аляксандр Заноўскі займаўся падрыхтоўкай да вясновага севу пасяўнога агрэгата. Затым нарыхтоўка кармоў і ўборка збожжа, у час якой наш герой зменіць трактар “МТЗ-3022” на збожжаўборачны камбайн, на якім, дарэчы, ён штогод становіцца “тысячнікам”, а летась намалаціў каля 1400 тон збожжа. Па параду і дапамогу да гэтага працавітага чалавека звяртаецца і моладзь, і старэйшыя калегі – як адзначаюць у калектыве, ён заўсёды прыходзіць на дапамогу і ставіць інтарэсы гаспадаркі вышэй за свае асабістыя.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
НА ЗДЫМКУ аўтара: Аляксандр Заноўскі на мехдвары ААТ “Гарадзец-агра” .
Поделиться в соцсетях: