Храм пад Божым заступніцтвам
Жыхары аграгарадка Хідры доўга пеставалі мару аб уласным храме і месца для яго прыгледзелі ў самым цэнтры вёскі. Апантаныя ідэяй, маліліся да Бога, прасілі Яго заступніцтва ў добрай справе перад жыццёвымі ўмоўнасцямі … Велічная, светлая царква будзе надаваць мястэчку сваё благаславенне.
Стваральную задумку аднавяскоўцаў ахвотна падтрымаў тагачасны старшыня мясцовай гаспадаркі СВК “Узыходзячая зара” Іван Тарасюк. Мара пачала “ажываць”. У пачатку 2007 года з’явілася на свет рэлігіёзная абшчына Праваслаўнага прыхода Свята-Іаана-Прадцечанскай царквы, настаяцелем якога быў прызначаны свяшчэннік Андрэй Баніфацьеў. Заклад храма зрабілі ўжо 18 кастрычніка, на месцы, якое “марылася”, – у самым цэнтры вёскі.
Шчырыя малітвы прыхаджан аб Божым заступніцтве давалі свой плён. Будаўніцтва храма ўзяла пад крыло - на свой баланс - мясцовая гаспадарка, і кожны з яе кіраўнікоў, Іван Тарасюк і Таццяна Дземідзюк, дбайна ставіліся да яго ўзвядзення.
Першая Божая літургія ў храме адбылася 28 жніўня 2013 года. Яшчэ не ўсё было зроблена, але людзі хацелі ўдзячна маліцца да Бога ва ўласным храме.
Доўгачаканая падзея – асвячэнне царквы ў гонар і памяць святога слаўнага прарока, прадцечы і хрысціцеля Гасподня Іаана – адбылася 24 лютага бягучага года. Гэтакае свята з вяскоўцамі раздзялілі шматлікія госці з розных куткоў раёна. Чын асвячэння храма, а затым і Божую літургію здзейсніў епіскап Брэсцкі і Кобрынскі Іаан. У саслужэнні яму былі благачынны цэркваў Кобрынскай акругі пратаіерэй Багдан Хама, настаяцель храма іерэй Андрэй Баніфацьеў і іншыя госці ў свяшчэнным сане.
Пасля літургіі прайшоў хрэсны ход, у час якога людзі ва ўзмоцненай малітве звярнуліся да Бога. І лілася ў неба гэтая зямная малітва - за людзей, за мір і за новы храм, які з’явіўся дзякуючы людзям і Божаму заступніцтву.
Людміла ДУБІНА.
Фота аўтара.