Нават калі вы трапіце выпадкова ў двор дома № 17 па вул. Пушкіна, міжволі затрымаецеся тут. Акуратныя клумбы, багацце і шматколернасць кветак, роўныя дарожкі, прыгажосць навокал. На нейкі час нават забываеш, што знаходзішся ў самым цэнтры горада. Аднак усё гэта хараство не з’явілася на пустым месцы і за адзін дзень.
- Сапраўды, наш двор такім стаў не адразу, - ветліва ўсміхаецца старшыня дамкама Анатоль Дзмітрыеў. – Пачалося ўсё яшчэ з “Дажынак” у 2009 годзе. Тады на сходзе жыхароў было вырашана захаваць і развіваць крокі па добраўпарадкаванні нашай тэрыторыі. “Мы нічым не горшыя за іншых!” – з такім лейтматывам узяліся за справу. А вынік работы за гэтыя гады вы бачыце.
Прычым вынік сапраўды адметны. Шмат што зроблена ў двары сіламі і за кошт фінансаў саміх жыхароў, знайшліся спонсары, якія падтрымалі намаганні жыльцоў дома, вельмі актыўна дапамагала і дапамагае ў далейшім добраўпарадкаванні дваровай тэрыторыі КУШВП ЖКГ “Кобрынская ЖКГ”. Пры неабходнасці – тэхнікай, ёсць уклад камунальнікаў і зелянгаса ў тое ж азеляненне: напрыклад, дзякуючы такой падтрымцы тут расце ўжо 7 туй: 3 маларослыя і 4 высакарослыя. Сёлета двор заняў другое месца ў абласным “Аглядзе-конкурсе дваровых тэрыторый”, і ў гэтым таксама агульная заслуга ўсіх.
- А калі завітаеце да нас вечарам, - адзначае Анатоль Дзмітрыеў, – дык пабачыце, як прыгожа падсвечваюцца малыя архітэктурныя формы, як таямніча-прывабна мяняецца ўся дваровая атмасфера.Застаецца дадаць, што якой бы ні была тут атмасфера, можна быць упэўненым: яна заўсёды здаровая і радасная.НА ЗДЫМКАХ: у такім двары прыемна зайсці ў кожны пад’езд; старшыня дамкама Анатоль Дзмітрыеў у нястомным клопатах, як зрабіць двор яшчэ прыгажэйшым; малыя архітэктурныя формы – адметнасць дваровага ландшафту; асабліва добра адчуваюць сябе тут дзеці.Тэкст і фота Ігара СІДАРУКА.
Поделиться в соцсетях: