Перадавая моладзь
Запамінальна прайшла сёлетняя ўборачная кампанія для камбайнераў ААТ “Пакроўскі” Мікалая і Васілія Міранюкоў: першымі ў раёне сярод маладзёжных экіпажаў яны намалацілі тысячу тон збожжа, з лепшымі вынікамі ў гэтай жа катэгорыі закончылі жніво, што і стала чарговай нагодай для віншавальнага моманту, які адбыўся 15 жніўня.Сказаць словы ўдзячнасці маладым камбайнерам за працу і важкі ўклад у агульны збожжавы каравай рэспублікі, які, дарэчы, вызначыўся для іх намалотам у 1535,1 тоны, прыехалі госці “з раёна”: старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Васілій Лазарчук і в.а. першага сакратара Кобрынскага РК ГА “БРСМ” Марына Палявода.Стан раённых пераможцаў для братоў Міранюкоў ужо знаёмы: іх маладзёжны экіпаж быў лідарам мінулага ўборачнага сезона. Больш за тое, сёлета праца хлопцаў прыкметна і на ўзроўні вобласці, дзе сярод моладзі яны займаюць трэцюю пазіцыю. У дадатак да раённых гасцей цёплыя словы ў адрас Мікалая і Васілія Міранюкоў, а таксама іх калег-механізатараў выказаў дырэктар ААТ “Пакроўскі” Віктар Свянтэцкі. Для ўдзячнасці самы час: на момант напісання матэрыялу ўборачныя плошчы збожжавых у 1250 гектараў былі практычна прыбраны (на 98,6%).Другім віншавальным адрасам стала ААТ “Стрыгава”. Тут словы падзякі і падарункі прымаў малады вадзіцель Аляксандр Гамянюк, які на сваім МАЗе перавёз 1587 тон збожжа і стаў лепшым у раёне. Складальнікаў сваёй перамогі ён не хавае: шчыраваў, як кажуць, з ранку да вечара, вось і ўвесь сакрэт. Здавалася б, жніво толькі закончылася, а Аляксандр ужо прыстасаваў свой МАЗ пад новы від працы – перавоз здробненай саломы.Калі ў нашай краіне такая моладзь, за яе будучыню можна быць спакойнымі.Людміла ДУБІНА.НА ЗДЫМКАХ: віншавальны момант у ААТ “Пакроўскі”: (злева направа) Васілій Лазарчук, маладзёжны экіпаж Мікалай і Васілій Міранюкі, Марына Палявода, Віктар Свянтэцкі; словы ўдзячнасці ад начальніка вытворчага ўчастка ААТ “Стрыгава” Аляксея Гольца прымае Аляксандр Гамянюк. Фота аўтара.
Поделиться в соцсетях: