У Кобрынскую цэнтральную раённую бальніцу працягвае паступаць сучаснае медыцынскае абсталяванне. З якой мэтай яно набыта і дзе будзе ўсталявана, расказвае намеснік галоўнага ўрача Кобрынскай ЦРБ па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва раёна Юрый Юзько.
- Бягучы год выдаўся багатым на пастаўкі новага абсталявання. У пачатку года ў аддзяленні нованароджаных філіяла “Радзільны дом” былі ўстаноўлены 2 новыя кувезы і маніторы пацыента для неданошаных дзяцей. А зусім нядаўна мы атрымалі 2 сучасныя наркозна-дыхальныя апараты – адзін з іх знаходзіцца ў аперацыйнай гінекалагічнага аддзялення філіяла “Радзільны дом”, а другі – у экстранай аперацыйнай хірургічнага аддзялення Кобрынскай ЦРБ.
Усяго аперацыйных у бальніцы тры – дзве планавыя і адна экстраная, якая працуе ў кругласутачным рэжыме. Менавіта ў ёй разам з наркозна-дыхальным апаратам у гэтым годзе была ўстаноўлена новая сучасная лапараскапічная стойка. Зараз абсталяванне ў экстранай аперацыйнай, што называецца, “з нуля”.
Яшчэ адна цікавая навінка – апараты электракардыяграмы ў выглядзе планшэтаў. Іх кобрынскія медыкі атрымалі 20 штук, частка партыі адправілася ў сельскую мясцовасць. Апарат лёгка пераносіцца ў сумцы, што дазваляе здымаць кардыяграму дома ў пацыента. Таксама новая тэхніка дазволіць падключацца да адзінай цыфравой медыцынскай базы даных, якая з’явіцца ў бліжэйшыя гады. Акрамя таго, былі закуплены 4 стацыянарныя ЭКГ-апараты. Аднак і на гэтым мадэрнізацыя не заканчваецца – зусім хутка ў дыягнастычную лабараторыю паступіць новы сучасны аналізатар, а на першым паверсе бальніцы разгорнецца вялікая рэканструкцыя для ўстаноўкі доўгачаканага камп’ютарнага тамографа.
Дзмітрый БЯЛОЎ.
Фота Дзмітрый БЯЛОЎ: работу новага наркозна-дыхальнага апарата ў аперацыйнай гінекалагічнага аддзялення філіяла “Радзільны дом” ацэньваюць (злева направа) Юрый Юзько, медсястра-анестэзіст Наталля Дзмітрук і загадчык філіяла “Радзільны дом” Ігар Ляшэвіч.
Поделиться в соцсетях: