Вс, 08 сентября 2024
Прогноз погоды

Не абысці, не аб’ехаць

17/01/2011

Менавіта такія асацыяцыі выклікаюць вялікія грузавікі – так званыя “фуры”, прыпаркаваныя ў самых розных месцах нашага горада, дарэчы, для стаянкі зусім не прызначаных. Да чаго можа прывесці такая вось, з дазвалення сказаць, паркоўка, мы запыталіся ў начальніка АДАІ Кобрынскага РАУС Сяргея Бычкоўскага.

- Паркоўка фур у неналежных месцах цягне за сабой цэлы шэраг непрыемнасцяў, - расказвае Сяргей Мікалаевіч. – Вялікія грузавікі, прыпаркаваныя на вуліцах горада, загрувашчваюць праезд  і – што асабліва актуальна ў зімовы перыяд - перашкаджаюць рабоце снегаўборачнай тэхнікі. Акрамя таго, яны перакрываюць агляд – а значыць, павялічваецца верагоднасць таго, што з-за вялікага аўтамабіля раптоўна выскачыць пешаход ці іншы аўтамабіль, вадзіцель якога не здолее адэкватна ацаніць становішча на дарозе. А ў выніку – чарговая аварыйная сітуацыя, якая можа скончыцца вялікай бядой.

Як паказаў наш рэйд па вуліцах горада, фуры на абочыне дарогі сёння – не рэдкасць. На многіх вуліцах нашага горада для таго, каб аб’ехаць фуру, трэба выязджаць на паласу сустрэчнага руху, што прыводзіць да стварэння “пробак”. Прычына ж усяго гэтага даволі трывіяльная. Справа ў тым, што штраф за такое парушэнне раней складаў усяго 17,5 тысячы рублёў – і часта вадзіцелю прасцей было проста заплаціць яго, чым губляць час на пошукі  месца для дазволенай паркоўкі ды яшчэ плаціць за яго грошы. А інспектар ДАІ можа і не заўважыць...  Вось і паркаваліся  там, дзе хацелася.

Аднак сітуацыя змянілася. Згодна  з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб унясенні дапаўненняў і змен у Кодэкс адміністрацыйных правапарушэнняў і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс  Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях”,  прыпынак альбо стаянка грузавога аўтамабіля з тэхнічна дапушчальнай агульнай масай больш за 3,5 тоны, аўтобуса, колавага трактара, самаходнай машыны ці прычэпа з парушэннем правілаў дарожнага руху цягнуць за сабой штраф у памеры 5 базавых велічынь. За ажыццяўленне такіх дзеянняў паўторна на працягу года  прыдзецца выкласці ўжо 10 базавых.  А гэта 350 тысяч рублёў – напэўна, такая сума прымусіць падыходзіць да пытання паркоўкі са значна большай адказнасцю.

Дзмітрый БЯЛОЎ.

Поделиться в соцсетях:


Кобринский РОЧС приглашает на службу