На ўрачыстай імпрэзе, якая арганізоўвалася упраўленнем па сельскай гаспадарцы і харчаванні Кобрынскага райвыканкама пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу, з удзелам старшыні райвыканкама Міхаіла Грышкевіча, старшыні райсавета дэпутатаў Івана Даўжука і іншых паважаных гасцей ушаноўваліся пераможцы раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення-“сямітысячнікаў” і лепшыя аператары машыннага даення па выніках 2019 года.
Мiхаiл Грышкевiч узнагароджвае Нiну Мейсак з СВК «Узыходзячая зара»
Са слоў удзячнасці жывёлаводам за іх нялёгкую працу пачаў віншавальную прамову Міхаіл Грышкевіч. З яго рук атрымала ўзнагароду пераможца раённага спаборніцтва сярод аператараў машыннага даення-“сямітысячнікаў” Валянціна Шыла з ААТ “Агра-Кобрынскае”. У 2019 годзе сярэдні ўдой малака ад каровы ў групе аператара склаў 9806 кг (+2028 кг да ўзроўню 2018 года). 2-е і 3-е месца адпаведна ў Галіны Дунды (з вынікам 9265 кг) і Валянціны Гардун (9199 кг) з СВК “Узыходзячая зара”, з чым павіншаваў іх Іван Даўжук.У спісе лепшых сярод лепшых – 12 чалавек, усе яны атрымалі ўзнагароды рознага роду. Варта адзначыць, што высокіх вынікаў дабіліся не толькі вопытныя даяркі, якія аддалі любімай прафесіі шмат гадоў, але і зусім маладыя. Так, Ніна Мейсак з СВК “Узыходзячая зара” аператарам машыннага даення працуе амаль тры гады, але за гэты нядоўгі час зразумела, што карова, як чалавек, мае патрэбу ў добрым доглядзе. “Карова аддае ўсё малако, калі адчувае чалавечае цяпло”, - заўважыла Ніна Уладзіміраўна. Сярэдні ўдой малака ад каровы ў групе маладога аператара па выніках 2019 года склаў 8912 кг (+1777 кг да ўзроўню 2018-га). Гэта дазволіла ёй заняць першую пазіцыю сярод аператараў машыннага даення ва ўзросце да 31 года. За прафесіяналізм і асабісты ўклад у развіццё сельскагаспадарчай вытворчасці Ніна Мейсак адзначана Пісьмом падзякі Кобрынскага райвыканкама.
Кожны з паважаных гасцей – у тым ліку першы намеснік старшыні – начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Андрэй Лукіянчык, старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васіль Лазарчук, старшыня Кобрынскага гарадскога аб’яднання прафсаюзаў Алег Гангала, начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Паліна Васілюк – таксама выказвалі словы падзякі жывёлаводам і ўзнагароджвалі іх за высокія вынікі.
Старшыня клуба даярак-“сямітысячніц”, у якім зараз 39 чалавек, Святлана Батурка з СВК “Узыходзячая зара” помніць, як у 1986 годзе, калі на Кобрыншчыне толькі арганізавалася аб’яднанне, “планка” ўдояў была на ўзроўні 4 тыс. кг на адну карову. Прайшло не так многа часу, і вось новыя гарызонты.
Дасягненнямі сваіх аператараў машыннага даення па праве ганарыцца СВК “Узыходзячая зара”: на мерапрыемстве гаспадарка была прадстаўлена найбольшай колькасцю ўдзельнікаў (20). Як расказала старшыня сельскагаспадарчага вытворчага кааператыва Таццяна Дземідзюк, высокія паказчыкі ў рабоце характэрны для кожнага з 22 аператараў, якія працуюць на трох малочнатаварных фермах. Зараз у гаспадарцы каля 3 тыс. буйной рагатай жывёлы, з іх 1250 кароў. У 2019 годзе валавы надой малака ў СВК “Узыходзячая зара” склаў амаль 12 тыс. т пры сярэднім удоі 8850 л, так што перасягнуць планку ў 9 тыс. кг малака на адну карову для іх – не амбіцыёзная задача, а рэальныя планы. Тут добра разумеюць, што якасць малака залежыць ад многіх фактараў, у тым ліку ад правільнасці кармлення, таму надаюць вялікую ўвагу стварэнню якаснай кармавой базы. Зладжаная работа ўсяго працоўнага калектыву дае свае вынікі – у 2019 годзе 88% малака рэалізоўвалася сортам “экстра”, таварнасць малака склала 90,8%. Падзялілася Таццяна Паўлаўна і планамі на будучыню. Ужо летам гаспадарка плануе завяршыць рэканструкцыю малочнатаварнай фермы “Хідры”, што дазволіць ім нарасціць пагалоўе ў 2020 годзе да 1400 кароў і з часам давесці гэты паказчык да 1700.
Пажаданне жывёлаводам “вялікага малака”, якім завяршылася наша размова з кіраўніком аднаго з вядучых сельгаспрадпрыемстваў раёна Таццянай Дземідзюк, выказаў і дырэктар ААТ “Кобрынскі масларобна-сыраробны завод” Руслан Чыбатар. Ён адзначыў, што за высакаякаснай прадукцыяй іх прадпрыемства, якую сёння ведаюць далёка за межамі Кобрыншчыны, у першую чаргу стаіць работа кобрынскіх жывёлаводаў.
Лепшыя з лепшых аператары машыннага даення Кобрыншчыны
Людміла ДУБІНА.ФОТО: Людміла ДУБІНА.
Поделиться в соцсетях: