Фотаздымак Надзеі Дзмітрук, шэф-повара ДУ «Кобрынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў» упрыгожвае Дошку гонару Кобрынскага раёна. У лік лепшых з лепшых па выніках дзейнасці за 2021 год жанчына трапіла дзякуючы адданасці сваёй прафесіі.
Азіраючыся на пражытыя гады, Надзея заўважае, што жыццёвую сцежку ёй выбраў сам лёс. З дзяцінства яна марыла стаць бухгалтарам, пасля заканчэння школы спрабавала паступіць у Столінскі сельскагаспадарчы тэхнікум.
– Крыху недабрала балаў, – цяпер ужо без жалю гаворыць субяседніца, але ў свой час гэты факт яе вельмі засмуціў.
Дзяўчына падала дакументы ў Кобрынскае ПТВ №153 тэкстыльшчыкаў, дзе пачала прафесіянальна вывучаць кулінарыю. Вучоба давалася лёгка: з дапамогай мамы Надзея рана засвоіла сакрэты кухні. Спрытнасць і працавітасць нашай гераіні таксама ад бацькоў. Яны шчыравалі паляводамі ў мясцовым калгасе роднай вёскі Ражное Драгічынскага раёна, да працы на зямлі прывучылі і сваіх дзяцей – сына Аляксандра, дачушак Таццяну і Надзею.
Надзея Якаўлеўна на нейкі момант змаўкае: ужо каторы год прайшоў, як памёр бацька. Жанчына часта наведваецца ў родную хату. Дзеці Надзеі – сын Максім і дачка Маша – параўноўваюць бабулін дом з музеем – тут столькі рэчаў ручной работы. Мама Надзеі – майстрыха на ўсе рукі: і вышывае, і вяжа, і ежу гатуе. Калі дазваляе здароўе, і зараз заўсёды знаходзіцца ў руху.
На раённай Дошцы гонару Надзея Дзмітрук упершыню, а вось у родным доме-інтэрнаце – трэці раз. За 15 гадоў работы, а прыйшла ва ўстанову яна простым поварам, заслужыла вялікі аўтарытэт. За што паважаюць Надзею Якаўлеўну? Калегі наперабой гавораць добрыя словы ў яе адрас: адказная, добрая, чулая… 13 чалавек, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні нашай гераіні, заўсёды адчуваюць яе падтрымку. Сапраўдным прафесіяналам бачыць Надзею Дзмітрук і кіраўніцтва. Закупкі прадуктаў робяцца своечасова, у сталовай, кухні, дапаможных памяшканнях пануе чысціня… Да сваіх функцыянальных абавязкаў шэф-повар падыходзіць прафесіянальна, гэтага ж патрабуе ад падначаленых.
Асобным радком хочацца сказаць пра ўзаемаадносіны, якія склаліся паміж Надзеяй Якаўлеўнай і пражываючымі. Яны завялі традыцыю сумеснага выпякання піцы, а пасля чаявання. Такая падзея адбываецца тут адзін раз на тыдзень і прыносіць вялікае задавальненне ўсім удзельнікам працэсу.
Якія смачныя стравы гатуе наша гераіня, паспрабаваў і карэспандэнт «КВ». Калі гаворка заходзіць пра кулінарыю, Надзея Якаўлеўна з удзячнасцю ўспамінае сваіх выкладчыкаў з вучылішча, дзякуючы якім стала глядзець на прыгатаванне ежы як на творчасць. Вучоба для нашай гераіні завяршылася чырвоным дыпломам, а зараз такі падыход натхняе шэф-повара са сваёй камандай удзельнічаць у разнастайных кулінарных конкурсах.
Не меншую ўвагу Надзея Якаўлеўна надае кулінарнаму этыкету. Яна ўпэўнена, што сервіроўка стала, посуд, падача страў дадаюць ім асаблівы смак. Нягледзячы на тое, што на рабоце ёй даводзіцца мець справу з прыгатаваннем ежы, жанчына ніколі не дазваляе сабе ленавацца дома. Яна ведае смакавыя перавагі сваіх дамачадцаў і гатуе тое, што яны любяць.
Кожны дзень у доме Дзмітрук – яго яны з мужам пабудавалі ўласнымі рукамі – пахне свежапрыгатаванай ежай і духмянай выпечкай.
У вольны час жанчына вяжа. Яна, як і яе мама, не можа без працы.
Людміла ДУБІНАФота: Людміла Дубіна
Поделиться в соцсетях: